Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цяп, выкл.

Разм.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння рэзкіх удараў па чым‑н. цвёрдым (пры сячэнні).

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. цяпаць —цяпнуць. Цяп за руку.

•••

Цяп-ляп — ужываецца для абазначэння хуткага, але неахайнага выканання работы, справы; абы-як. — Скаргі працоўных павінны разглядацца неадкладна, — безапеляцыйна адрэзаў Шпунцік. — Вядома, вядома, — згадзіўся старшыня, — але разглядаць іх трэба не па прынцыпу цяп-ляп, а на ўсю глыбіню. Корбан.

ця́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Сячы. Чуваць было, як цяпалі сякеры.

цяпе́льца, ‑а, н.

Абл. Невялікі касцёр, вогнішча. [Хлапчук] размясціўся пад дубам і цяпельца сабе раскладае — ужо на восень бралася. Навуменка. — Сядай, дзетка, сядай от сюды, да цяпельца, — запрашаў .. [дзед Дарахвей]. Сабаленка.

цяпе́р, прысл.

1. Зараз, у гэты момант. — Цяпер [цягнік] паімчыць пад горку.. Ці ўправіліся хаця нашы там? — і ў голасе маладога камандзіра чулася трывога за сваіх, за падрыўнікоў. Лынькоў. — Цяпер улева бярыся, бо там вунь яма, — усміхаецца з берага дзед. Брыль. // На гэты раз. Потым стаў ён нападаць: Гоп аб землю палкай з маху — Людзі ў рогат: «Ха-ха-ха! Ах, каб ты, Хлапец, прапаў: І цяпер вось не папаў». Крапіва. // У час, які ахоплівае нядаўняе мінулае і бліжэйшае будучае; у сучасны момант, які проціпастаўляецца даўнейшым часам. Цяпер паляшук — гаспадар свайго лёсу, смела бярэцца за ператварэнне прыроды, прымушае яе служыць сабе. Краўчанка. І цяпер мне тая музыка, Як жывая, ўспамінаецца. Колас.

2. Ужываецца пры пераходзе да наступнай тэмы гаворкі: далей. [Пніцкі:] — Добра там.. Апанас Сегень кажа, што пра жніво загадзя трэба падбаць. Цяпер пра сябе. Чаму мяне не ўпісалі ў сталярную брыгаду? Чорны.

•••

Не цяпер, дык у чацвер — у бліжэйшым будучым.

цяпе́рака, прысл.

Абл. Цяпер. — Цяперака лета, можна і ў зямлянцы пажыць. Сачанка. — Цяперака, дзядок, будзе добра! — казаў.. [Андрэйка], мацаючы рукамі засланку. Бядуля.

цяпе́рашні, ‑яя, ‑яе.

1. Які існуе цяпер, мае адносіны да сучаснасці. Цяперашнія маркі тэлевізараў. □ [Сухадольскі:] — Папрацавалі нядрэнна. А якія цяжкасці перамаглі! Хіба цяперашнія маладыя ведаюць што-небудзь падобнае? Крапіва. // Які з’яўляецца кім‑, чым‑н., працуе кім‑н. у сучасны момант; такі, які ёсць зараз (у процілегласць таму, што было даўней). Цяперашнія суседзі. □ — А гэта, — Ваўчок кіўнуў на Паходню, — цяперашні парторг эмтээс. Хадкевіч. Прыйшлі аднойчы старшыня сельсавета з сакратаром, а з імі разам Цімох, брыгадзір цяперашні. Адамчык.

2. у знач. наз. цяпе́рашняе, ‑яга, н. Тое, што ёсць, адбываецца зараз, цяпер; падзеі сучаснасці. А мінулае і цяперашняе моцна злучаны паміж сабою. Колас. Успомніць мінулае і параўнаць яго з цяперашнім, дык гэта — ноч і дзень, неба і зямля. Кулакоўскі.

•••

Цяперашні час гл. час (у 6 знач.).

цяпле́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. цёплы.

цяпле́ць, ‑ее; незак.

1. Станавіцца, рабіцца цёплым, больш цёплым. Ападаў ветравы холад і цяплела надвор’е. Чорны. Як дзьмухне [хлопчык] некалькі разоў на рукі, дык адразу ажываюць пальцы, цяплеюць далоні. Бядуля. // перан. Станавіцца дабрэйшым, лагаднейшым; ласкавець. — Вы бачылі Леніна?.. — Ціха ў хаце. У дзеда цяплеюць і вочы, і сэрца. Арочка. Па меры таго, як .. [Гендарсан] чытаў, твар яго праясняўся, цяплеў і святлеў. Чарнышэвіч. // безас. Пра адчуванне душэўнай цеплыні, ласкавасці, якое агортвае каго‑н. Смяялася .. [Галіна] так залівіста, так прыемна звінеў яе .. галасок, што ў хлопца цяплела на душы. Навуменка. У Паўла цяплела на сэрцы ад Машынага спачування. Гроднеў.

2. безас. Пра наступленне цёплага, больш цёплага надвор’я. Днём хоць і цяплела, аднак тэмпература вышэй чым мінус дваццаць — васемнаццаць не падымалася. Ігнаценка.

цяплі́ца, ‑ы, ж.

Цёплае памяшканне з празрыстым дахам і сценамі для вырошчвання круглы год агародніны, кветак, пладоў і пад. або для зімоўкі паўднёвых раслін. Штучныя крыніцы святла даюць магчымасць вырошчваць гародніну ў цяпліцах узімку. «Беларусь». Пад шклянымі дахамі цяпліц цяпер вырошчваецца шмат буракоў, салаты. «Звязда».

цяплі́цца, цепліцца; незак.

1. Слаба, невялікім полымем гарэць. У гушчары на невялікай палянцы цепліцца з сухога галля касцёр. Няхай. // Слаба свяціцца. У акне Аўдзеевай хаты цепліўся слабы агеньчык лямпы, дзверы былі зачынены. Дуброўскі.

2. перан. Быць, мецца, праяўляцца ў малой, нязначнай ступені (пра жыццё, надзею, пачуццё і пад.). І толькі па стогну .. можна было меркаваць, што ў распластаным целе цепліцца яшчэ жыццё. Якімовіч. І радасць цепліцца ў сэрцы, Што гэтым незабыўным днём Нам шчасце выпала сустрэцца З узнятым сцягам над Крамлём. Танк.

3. Зал. да цяпліць.