Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цянёк, ‑ньку, м.

Зацененае, халаднаватае месца; халадок. Ляжала ў цяньку дварняжка і цікавала вачыма за спакойнымі рухамі дзеда. Лынькоў. Сонца пачынае прыпякаць. Але хавацца ад яго куды-небудзь у цянёк не хочацца. Васілёнак. Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка, Абодва берагі каторай Лазняк, ракітнік абступалі; Бруіліся ў цяньку іх хвалі. Колас.

цянётнік, ‑а, м.

Павук, які пляце павуціну.

цянётны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цянётаў.

цянёты, ‑аў; адз. няма.

Паляўнічыя сеткі для лоўлі звяроў і птушак. Нейкія цянёты блытаюцца навокал ног, рвуцца і зноў блытаюцца. Пестрак. // перан. Пра тое, што прыгнятае, перашкаджае свабодна дзейнічаць; пастка. [Сектанты] па-ранейшаму працягвалі лавіць у свае цянёты даверлівых людзей. «Звязда».

цяні́стасць,

Уласцівасць цяністага.

цяні́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які дае, утварае цень (пра расліны). Спакойна гамоняць Цяністыя вербы. Хведаровіч.

2. Такі, у якім шмат ценю, багаты ценем. Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас. // Які знаходзіцца ў цяні, заценены. У парку ёсць адна асабліва прыгожая цяністая дарожка. Хомчанка.

цянька́мі, прысл.

Разм. Напрасткі, нацянькі. Калі хлопец зноў ад’язджаў па вучобу, .. [Марылька] вельмі нерашуча .. цянькамі падышла да станцыі. Кулакоўскі. Мо хлопцы з дальняе дарогі ідуць цянькамі да сяліб? Машара.