цяле́ж, целяжа, м.
Абл. Кароткае і тоўстае бервяно з камля. — Не ведаеш хіба, як у нас дровы возяць, па-шляхецку? На сабе. Высеча цялеж, — на плечы і панёс. Брыль.
цяле́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
1. Спец. Ручная ці механічная павозка для перавозкі грузаў. Высокая чарнявая жанчына падкаціла цялежку да стала, пачала згружаць дэталі. Асіпенка.
2. Спец. Рухомая частка некаторых машын, тэхнічных канструкцый. Кранавыя цялежкі.
3. толькі мн. (цяле́жкі, ‑жак). У калёсах — пярэднія колы на восі з аглоблямі.
цяле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. цяліцца.
цяле́снасць, ‑і, ж.
Уласцівасць цялеснага (у 4 знач.). Прырода адкрываецца перад .. [лірычным героем] ва ўсёй сваёй першароднай свежасці, паўнакроўнай цялеснасці; уся яна ачалавечаная. «Маладосць».
цяле́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цела (у 1 знач.). Цялесныя ўласцівасці шара.
2. Які мае адносіны да цела чалавека, жывёлы; фізічны. Духоўныя і цялесныя сілы. // Які адчуваецца целам. Цялеснае пашкоджанне. □ — Бізуноў табе, баба, варта ўсыпаць за такі прадукт [самагонку]. Ды шчасце тваё, што мы супроць цялесных пакаранняў. Шамякін.
3. Жаўтавата-белы з ружовым адценнем; падобны на колер цела. Цялесны колер.
4. Які мае матэрыяльную аснову; проціл. духоўны. Цялесныя з’явы.
цялёпканне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. цялёпкацца і цялёпкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Плёхала, біла хвастом рыба, і цялёпканне вёслаў і святло агню не палохалі яе. Савіцкі.
цялёпкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Хадзіць, шлёпаць па вадзе, гразі і пад.; плюхацца. Спачатку Міколка з бацькам з таптухай цялёпкаліся, а потым узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. Лынькоў.
2. Тое, што і целяпацца. На абцасе аднаго з іх [ботаў] цялёпкалася дрэнна прыбітая паўсцёртая падкоўка. Капусцін.
3. Плюхацца, боўтацца ў вадзе. Мінаю .. хаткі Шушанскага, спакойную Шуш, дзе весела цялёпкаюцца дзеці, .. і трапляю на востраў, дзе любіў адпачываць Ленін. Сіпакоў.
цялёпкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Тое, што і цялёпкацца. Чаравікі ў Шуры распаўзліся дазвання: з правага вылез, цялёпкае па гразі ражок чорнай анучы. Навуменка.
цялі́ца, ‑ы, ж.
Абл. Цялушка; маладая карова. А сакрэты былі такія, што ў Грыбка цяліцу нехта ўракнуў, і яна ні есці, ні піць не бярэ. Мележ. Думаў [тата], што купяць цяліцу на зіму, нават стажок сена назапасіў. Пташнікаў.