цяжа́р, ‑у, м.
1. Вага чаго‑н. (звычайна цяжкага). Пад цяжарам .. яблыкаў нізка звісае зялёнае голле. Брыль. [Чалавек] грудзьмі, жыватом, усім цяжарам свайго цела ўпаў на спіну леапарду. Караткевіч.
2. Цяжкая ноша, груз вялікай вагі. Цяжары падвозіць, Як волат нястомны, Наш «МАЗ» — грузавік Дваццаціпяцітонны. Нядзведскі. // У спорце — снарады для падымання.
3. Абавязкі, павіннасці, цяжкасці, звязаныя з чым‑н. адказным, непрыемным і пад. Цяжар няволі. Цяжар турбот. Цяжар вайны. □ Гады праз два калгас узбуйніўся, і Шалюта адразу пачуў на сваіх плячах непамерны цяжар гаспадарскіх клопатаў. Дуброўскі.
4. Адчуванне (звычайна непрыемнае) чаго‑н. цяжкага (у целе, галаве і пад.). Распраналася яна [Маша] марудна — ад утомы, якая роўным цёплым цяжарам наліла цела. Мележ. Ва ўсім целе і асабліва ў нагах адчуваўся нейкі цяжар. Кулакоўскі. // перан. Тое, што гняце, прыгнятае, выклікае сумны, змрочны настрой. І лепш аддайся светлым марам, Каб месца не было жальбе, Калі каханне не цяжарам, А песняю жыве ў табе. Астрэйка. Кожны раз, як душа натоміцца, Я, каб скінуць з яе цяжар, Прыпадаю да Вашых томікаў — Вашых думак і Вашых мар. Тармола. І чуцен ціхі сэрца голас, Хоць на душы ва ўсіх цяжар. Дзень добры, друг, Наш бацька Колас — Народа нашага пясняр! Прыходзька. Прыгінае і самых высокіх Да зямлі вечны цяжар гадоў. І цішэюць, цішэюць крокі У людзей і старых гарадоў. Сіпакоў.
•••
Цэнтр цяжару гл. цэнтр.
Скінуць цяжар гл. скінуць.
Цяжар з душы спадзе — пра пачуццё палёгкі, якое наступае пасля вызвалення ад таго, што гняло, заклапочвала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)