цуд, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Паводле рэлігійных уяўленняў — невытлумачальная з’ява, якая выклікаецца чарадзействам. [Селянін:] — Заўсёды перад кірмашом штогод.. бывае яшчэ адзін цуд: за год святыя сляды абрастаюць мохам. Бядуля.
2. Што‑н. нечаканае, незвычайнае. І тады стаўся цуд: Капейка ўстаў і пачаў гаварыць. Брыль. Можа стане цуд і з’явіцца Якім, як бы нічога не бывала! Машара. // у знач. прысл. цу́дам. Разм. Незвычайным, неверагодным чынам; выпадкова. На Ленінградскай вуліцы Тумаш павёў іх [варшаўцаў] у чатырохпавярховы дом, які цудам уцалеў у час бамбёжак. Новікаў.
3. Пра тое, што выклікае захапленне, здзіўленне сваімі выдатнымі якасцямі, прыгажосцю і пад. У саснячку густым, смалістым — Загледзішся на цуд такі — У беленькіх манішках чыстых Стаяць фарсіста маслякі. Цвірка. Ну не кулеш, а — цуд! Духмяны, залацісты, смакавіты. Валасевіч. // чаго. Пра тое, што з’яўляецца ўзорам дасканаласці ў якой‑н. галіне. Задаволеная, што так добра выканала даручэнне, Муза Сымонаўна хутка везла цуд мастацтва. Арабей. Крок за крокам прасочвае паэт ператварэнне дрэва ў цуд музыкі і весялосці. Бярозкін.
4. у знач. вык. Дзіўна, незвычайна. Наогул жа, калі салавей пяе — гэта цуд. Лужанін.
•••
Цуда ў рэшаце — пра што‑н. незвычайнае.
цу́да, ‑а, М ‑дзе, н.
Разм.
1. Тое, што і цуд. Бацька, які чамусьці ніколі не здзіўляўся, сказаў, што гэта цуда яшчэ не зусім цуда, бо там, на радзіме, расце дрэва баабаб. Лынькоў. — Вось гэта закусачка! У сярэдзіне чэрвеня такое цуда! — ён [Савіцкі] узяў памідор і пяшчотна пагладзіў яго. Шамякін.
2. звычайна ў прыдатку. Пра тое, што вызначаецца, захапляе сваімі дадатнымі якасцямі. Сёлета выпала.. [Лёню] шчасце гнаць з бацькам па Прыпяці і Дняпру плыты аж да Кахоўкі, і ён там бачыў гэтую цуда-машыну. Краўчанка.
•••
Цуда-юда — казачная пачвара.
цудадзе́й, ‑я, м.
Вялікі майстар сваёй справы; той, хто ўмела, па-мастацку валодае чым‑н. [Свацця:] — А які на кухні ён [Сцяпан] цудадзей! Ракітны. [Барыс Платонаў і Ірына Ждановіч] цудадзеі беларускай сцэны, людзі вялікага інтэлекту, у штодзённым жыцці яны былі душэўна простыя і тактоўныя. Пшыркоў.
цудадзе́йнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць цудадзейнага. [Іван Сцяпанавіч:] — Праўда, якой-небудзь цудадзейнасці ў .. [дзівасіле] няма, але ёсць багата розных хімічных рэчываў, уласцівых толькі яму аднаму. Дубоўка.
цудадзе́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Незвычайнай сілы ўздзеяння; чарадзейны; жыватворны. Для Коласа, напрыклад, вельмі важна высветліць вытокі мастацтва, той цудадзейнай сілы, што мае такую вялікую ўладу над людзьмі. Навуменка. Маці папрасіла, каб гэты цудадзейны ўрач паглядзеў яе сыночка. Мележ.
2. Чароўны, вельмі прыгожы. Рукі.. [Ніны] насіліся ў адзін, у другі бок, скакалі па клавішах, білі, і струны адказвалі на кожны яе рух цудадзейнымі гукамі. Лобан.
цудатво́рац, ‑рца, м.
1. Той, хто творыць, робіць цуды (у 1 знач.). А ў кутку абразы цудатворцаў, Даўн[о] ад дыму сляпых. Танк.
2. Той, хто творыць, робіць што‑н. дзівоснае, надзвычайнае.
цудатво́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які творыць, робіць цуды (у 1 знач.). Цудатворны абраз.
2. Кніжн. Які робіць што‑н. незвычайнае, такое, што выклікае здзіўленне. Цудатворны ўплыў.
цудо́ўна,
1. Прысл. да цудоўны.
2. безас. у знач. вык. Пра надзвычай прыгожае наваколле, прыемную абстаноўку. Гэта было цудоўна: і лес, і гарадок, як на далоні, і яна, Марынка, побач. Шыцік. А на возеры было цудоўна! Ваданосаў.
3. у знач. часціцы. Ужываецца як вокліч са значэннем: вельмі добра, выдатна. Партызан аж зажмурыўся, потым ізноў адплюшчыў вочы і ўбачыў бліскучую снарадную гільзу! Гільза! Цудоўна! Зуб.
цудо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца цудам (у 1 знач.), робіць цуды (у 1 знач.). І стаў Іванка.. на цудоўнай дудцы іграць. Якімовіч.
2. Вельмі добры; выдатны, адмысловы. Цудоўны будынак. Цудоўнае надвор’е. □ На дварэ была цудоўная летняя ноч. Чарнышэвіч. // Які вылучаецца высокім майстэрствам, незвычайным талентам. [Клава:] — Я ўпэўнена, што .. [Праменны] цудоўны паэт, а вы [Язва] яму зайздросціць. Крапіва. // Вельмі добры па характару, паводзінах і пад. (пра чалавека). — Дарэчы, яна не раўнуе, што ты бываеш... у мяне? — Здаецца, не. — Мне таксама здаецца, што не. Твая Люся — цудоўная жанчына. Разумніца. Светлая галава. Васілёнак. [Аня:] — Каб вы [Казанцаў] ведалі, які цудоўны чалавек мой муж! Васілевіч.
3. Незвычайна прыгожы; маляўнічы. У Веры Засуліч цудоўныя пышныя валасы цёмна-каштанавага колеру. Зарэцкі. Струменьчык вады.. пераліваецца цудоўнай вясёлкай. Даніленка. // Цікавы, захапляючы. Цудоўная казка зноў захапіла ўяўленне хлопчыка. Шыловіч.
4. Прыемны; дзіўны. Цудоўны водар. □ Цудоўны пах расцвітаючых ліп ліўся з парку. Чарнышэвіч. // Мілагучны (пра голас, гукі). Цудоўны голас. Цудоўныя спевы. □ Я сяджу на высокім узгорку і слухаю гэтую цудоўную сімфонію вясны. Ігнаценка.
5. Небывалы, нябачаны. Бульба парасла цудоўная: ядраная, буйная — адна ў адну. «Беларусь».
6. Жыватворны, цудадзейны. Хто спеў хоча скласці такі, Каб песня душу акрыляла, — Напіся з цудоўнай ракі: Рака гэта Янка Купала. Бялевіч.