цуд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Паводле рэлігійных уяўленняў — невытлумачальная з’ява, якая выклікаецца чарадзействам. [Селянін:] — Заўсёды перад кірмашом штогод.. бывае яшчэ адзін цуд: за год святыя сляды абрастаюць мохам. Бядуля.

2. Што‑н. нечаканае, незвычайнае. І тады стаўся цуд: Капейка ўстаў і пачаў гаварыць. Брыль. Можа стане цуд і з’явіцца Якім, як бы нічога не бывала! Машара. // у знач. прысл. цудам. Разм. Незвычайным, неверагодным чынам; выпадкова. На Ленінградскай вуліцы Тумаш павёў іх [варшаўцаў] у чатырохпавярховы дом, які цудам уцалеў у час бамбёжак. Новікаў.

3. Пра тое, што выклікае захапленне, здзіўленне сваімі выдатнымі якасцямі, прыгажосцю і пад. У саснячку густым, смалістым — Загледзішся на цуд такі — У беленькіх манішках чыстых Стаяць фарсіста маслякі. Цвірка. Ну не кулеш, а — цуд! Духмяны, залацісты, смакавіты. Валасевіч. // чаго. Пра тое, што з’яўляецца ўзорам дасканаласці ў якой‑н. галіне. Задаволеная, што так добра выканала даручэнне, Муза Сымонаўна хутка везла цуд мастацтва. Арабей. Крок за крокам прасочвае паэт ператварэнне дрэва ў цуд музыкі і весялосці. Бярозкін.

4. у знач. вык. Дзіўна, незвычайна. Наогул жа, калі салавей пяе — гэта цуд. Лужанін.

•••

Цуда ў рэшаце — пра што‑н. незвычайнае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)