Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цу́панне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. цупаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Гуд калгасных малатарань прыглушыў мернае цупанне цапоў. Мележ.

цу́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Біць (звычайна цэпам), утвараючы прыглушаны стук. [Чыкілевіч:] — Ты [Пракоп] адзін цупаеш цэпам і рукі дранцвеюць, падымацца не хочуць. А стануць чатыры малацьбіты ды як жарнуць — адкуль яно што і возьмецца. Колас.

2. Ісці, крочыць. За .. [Верай Ігнатаўнай] цупае дзяўчынка-падростак і нясе невялікі чамаданчык. Пестрак. Конік бадзёра цупае па дарозе, памахвае доўгім хвастом. Навуменка.

3. Хапаць рукой за што‑н.

цу́пкі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Цвёрды, жорсткі; каляны. Сядло рыпела цупкай, новай яшчэ сырыцай. Галавач. [Салдаты] курылі і паціху гаманілі, жавалі глёўкі хлеб, хтосьці прышываў гузік да цупкага мокрага шыняля. Грахоўскі. Адскочылі цупкія, з дзіцячы кулачок, абабкі. Вышынскі.

2. Тупкі; не вязкі, не рыхлы. Там [каля яблынькі] быў ужо цупкі астравок, бо каля яблыні зямля не ўскапана. Кулакоўскі. Наскочыў мароз — закарэла гразь, умерзла і аж патрэскалася голая зямля, стала цупкаю і гулкаю, як бубен. Капыловіч.