Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цу́кар, ‑кру, м.

1. Пажыўны харчовы прадукт, белае крышталічнае рэчыва, салодкае на смак, якое вырабляецца з цукровых буракоў або цукровага трыснягу. Людзі вараць і спажываюць варэнне, п’юць чай. Усяму аснова — цукар. Пестрак. [Зыгмусь] рэжа і кладзе на сподак лімон і пасыпае цукрам. Чорны.

2. мн. цукры́, о́ў. Спец. Назва рада арганічных злучэнняў, пераважна з групы вугляводаў.

3. перан. Разм. Пра што‑н. прыемнае на смак, смачнае. // Пра таго, хто прыносіць асалоду. [Хлор:] — Цукар — не дзяўчына, .. ружачка пахучая... Гартны.

•••

Посны цукар — сорт цукерак з цукру з фруктовымі сокамі.

[Ад ням. Zucker.]

цу́карнік, ‑а, м.

Разм. Работнік цукровай прамысловасці.

цу́карніца, ‑ы, ж.

Пасуда для цукру — прадмет чайнага сервіза. Шкляная цукарніца апусцела, а Халуста наліваў трэці кубак... Чарнышэвіч.

цука́т, ‑у, М ‑каце, м.

Зацукраваны плод, зацукраваная скурка плода (лімона, апельсіна, дыні і пад.). У выхадны дзень няня прынесла ёй пісьмо і перадачу ад маці — слоік слівавага кампоту, цукатаў, халвы, якую Лёдзя вельмі любіла. Карпаў.

[Польск. cykata з іт.]

цука́тны, ‑ая, ‑ае.

Прыгатаваны з цукатаў, з цукатамі. Цукатны торт.

цуке́рак, ‑рка, м.

Разм. Тое, што і цукерка. Потым [мужчына] наставіўся на аднаго хлопчыка, з тых самых дзяцей, што ў зале гулялі, і цукеркам яго падманіў. Ракітны.

цуке́рачнік, ‑а, м.

Кандытар, які вырабляе цукеркі; рабочы цукерачнай фабрыкі.

цуке́рачніца, ‑ы, ж.

Жан. да цукерачнік.

цуке́рачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цукеркі. Цукерачная абгортка. □ Любіў яшчэ Жэня хадзіць на цукерачную фабрыку «Рэнэме», якая калісьці вырабляла розныя прысмакі для царскага двара. С. Александровіч.

цуке́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Салодкі кандытарскі выраб у выглядзе плітачкі, шарыка і пад. Шакаладныя цукеркі. Мятныя цукеркі. □ Сват хадзіў з рэшатам, абдзяляў гасцей цукеркамі і збіраў падарункі маладым. Васілевіч. // перан. Разм. Пра каго‑, што‑н., падобнае на такі выраб; пра нешта саладжавае. [Надзя:] — А хіба вы, Мірон Іванавіч, хацелі б бачыць мяне такой салодкай, як Любка? Тая сапраўды на цукерку ператварылася. Лынькоў.