Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ты́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Шост, які ставіцца, каб абазначыць дарогу (у полі, на снезе), межы зямельных участкаў і пад. Дваццаць хлопцаў і сем дзяўчат прыйшлі на работу. І работа закіпела адразу. Паставілі дзве высокія тычкі з саламянымі мётламі каля рэчкі Міранкі, вызначылі месца, дзе павінен прайсці канал. Колас. Пакуль што я памагаў дзядзьку Гарасіму: ставіў тычкі на межах дзялянак, падчэсваў іх сякераю зверху і пісаў хімічным карандашом з аднаго і другога боку, каму надзел вызначаецца. Якімовіч.

2. Спец. Паплавок у выглядзе шаста з мяцёлкай або перакладзінай наверсе, які абазначае мель, фарватэр і пад. — Пакупаемся, Галіна Казіміраўна, — прапанаваў Зянон. — Тут жа, мусіць, вельмі глыбока? — Не, не! Вунь аж да тых тычак можна ісці. Сабаленка. // звычайна мн. (ты́чкі, ‑чак). Шост, які выкарыстоўваецца як падпорка для павойных раслін. Вацькоўскі дом: шчыт — узыходзячае сонца, На тычцы ўецца белабровы хмель. Лойка. Халахцей баяўся Мар’і. «Бледны чорт» — было вышэйшай ступенню яе абурэння, і ён хуценька ныраў у тычкі з фасоляй і выбягаў на сцежку за поплавам. Ракітны.

тычкава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. тычкаваць.

тычкава́цца, ‑куецца; незак.

Зал. да тычкаваць.

тычкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.

Расстаўляць тычкі пры геадэзічных работах. Тычкаваць дарогу.

тычы́на, ‑ы, ж.

Вялікая палка; шост. Быў смешны дзядзька той часінай З пустою лыжкаю, з тычынай, Якою трэскі ён варонай. А тут Алесь як зарагоча! Колас.

тычы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Спец. Мужчынскі орган размнажэння ў кветкавых раслінах, у якім утвараецца пылок.

2. Памянш.-ласк. да тычына.

тычы́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тычынкі (у 1 знач.).

ты́чыцца, ‑чыцца; незак., каго-чаго.

Мець адносіны, дачыненне да каго‑, чаго‑н. Гэта мяне не тычыцца. Гэта не тычыцца справы. □ Іра, нібы перапынак яе і не тычыўся, па-ранейшаму сядзела, падпёршы галаву далонню. Марціновіч. Шыковіч ішоў, збіраючыся перадаць расказ Яраша, асабліва тую частку, што тычылася Савіча. Сказаць, што жывая дачка доктара. Шамякін.