Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ты́гель, ‑гля, м.

1. Пасудзіна з вогнетрывалага матэрыялу для плаўкі, варкі, нагрэву розных матэрыялаў. На падлозе, каля пячэй .. — тыглі, ліцейныя формачкі, не завершаныя апрацоўкай металічныя рэчы і шмат адходаў, галоўным чынам аплаўленая бронза і бронзавыя пласціны. «Помнікі».

2. Спец. Металічная пліта друкарскага станка або тыгельнай машыны для прыціскання паперы да пакрытай фарбай друкарскай формы.

[Ням. Tiegel.]

ты́гельны, ‑ая, ‑ае.

1. Які звязаны з плаўкай, нагрэвам і пад. у тыглі (у 1 знач.). Тыгельная плаўка металаў. Тыгельная сталь.

2. Спец. Які мае тыгель (у 2 знач.). Тыгельны аўтамат.

тыгр, ‑а, м.

1. Буйная драпежная млекакормячая жывёліна сямейства кашэчых аранжава-жоўтай з чорнымі палосамі афарбоўкі. Усурыйскі тыгр. □ — Няма звера страшнейшага за тыгра! — крыкнуў Тарыел, бляднеючы. Самуйлёнак.

2. Разм. Назва нямецкага танка перыяду другой сусветнай вайны. У тым баі мы знішчылі шэсць «тыграў», астатнія адышлі. «ЛіМ».

ты́гравы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тыгра (у 1 знач.). Тыгравая шкура. □ Я спяваў аб роднай пушчы, Аб ялінах-прыгажунях, А згадаў ён пальмаў засень, Сцежкі тыгравыя ў джунглях. Гілевіч.

2. Такі, як у тыгра, уласцівы тыгру. Тыгравая афарбоўка шэрсці сабакі.

тыграло́ў, ‑лова, м.

Паляўнічы на тыграў.

тыграня́ і тыгранё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня тыгра.

тыгры́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тыгра (у 1 знач.), належыць яму. Тыгрыная лапа. Тыгрыны след. // Такі, як у тыгра, уласцівы тыгру. Тыгрыны роў з лясных данёсся нетраў. Валасевіч.

тыгры́ца, ‑ы, ж.

Самка тыгра.