Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тыф, ‑у, м.

Агульная назва некаторых вострых інфекцыйных захворванняў: брушнога тыфу, зваротнага тыфу, сыпнога тыфу і паратыфу.

•••

Брушны тыф — вострае інфекцыйнае захворванне, якое выклікаецца пранікненнем у кішэчнік яго ўзбуджальнікаў.

Зваротны тыф — вострае інфекцыйнае захворванне з характэрнымі ліхаманкавымі прыступамі, якія перыядычна паўтараюцца.

Сыпны тыф — вострае інфекцыйнае захворванне, якое суправаджаецца з’яўленнем на ўсім целе хворага сыпу ў выглядзе ружовых і пурпуровых плям.

[Ад грэч. týphos — зацямненне свядомасці.]

тыфлапедаго́г, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне тыфлапедагогікі.

тыфлапедаго́гіка, ‑і, ДМ ‑гіцы, ж.

Навука, якая займаецца пытаннямі выхавання і навучэння дзяцей, якія не бачаць або дрэнна бачаць.

[Ад грэч. typhlos — сляпы і слова педагогіка.]

тыфлі́т, ‑у, М ‑ліце, м.

Спец. Запаленне сляпой кішкі.

[Грэч. typhlos — сляпы.]

тыфо́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тыфу. Тыфозная гарачка. // Які выклікае тыф. Тыфозны мікроб.

2. Хворы тыфам. [Наталля Пятроўна:] — Помню, як .. [Алёша] лядзяшкамі кідаў у мяне, калі я тыфозную маці ў бальніцу забірала. Шамякін. / у знач. наз. тыфо́зны, ‑ага, м.; тыфо́зная, ‑ай, ж. Па вагоне раптам прайшла чутка: «Не прымаюць! Няма куды. Горад перапоўнены тыфознымі!» «Полымя». // Прызначаны для хворых тыфам. Тыфознае аддзяленне.

тыфо́ід, ‑у, М ‑дзе, м.

Спец. Лёгкая форма брушнога тыфу.

тыфо́ідны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да тыфоіду, выкліканы тыфоідам. Тыфоідная гарачка. // Які выклікае тыфоід. Тыфоідны мікроб.

тыфо́н, ‑а, м.

У грэчаскай міфалогіі — стогаловая агнядышная пачвара.

ты́фус, ‑у, м.

Уст. Тыф.