Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тыл, ‑у; мн. тылы́, ‑о́ў; м.

1. Задняя частка, старана чаго‑н.; частка, старана, процілеглая пярэдняй. [Палякі] ніяк не чакалі, што гэта небяспека іх можа налучыць з тылу, з заходняй часткі вёскі, дзе і спыніліся чырвонаармейцы і партызаны. Колас. Агінаючы з тылу астравок, Высоцкі суцішыў крок, і пакуль ішоў, ні аб чым не думаў. Кірэйчык. // Знешняя паверхня рукі, процілеглая далоні. [Андрэй Данілавіч] вяртаецца назад, засяроджана выцірае губы тылам далоні і апускаецца зноў на канапку. Ракітны.

2. Тэрыторыя, размешчаная ззаду лініі фронту. Глыбокі тыл. □ [Андрэя], параненага пры вызваленні Мінска, адправілі ў далёкі тыл. Дуброўскі. Здаецца раем тыл заўсёды Байцу, які прайшоў франты. Непачаловіч. // Тэрыторыя, якая знаходзіцца ззаду таго ўчастка, які займае тое ці іншае вайсковае злучэнне. Тыл арміі. Тыл батальёна.

3. звычайна мн. (тылы́, о́ў). Сукупнасць часцей, падраздзяленняў і ўстаноў, якія ствараюцца для матэрыяльнага, тэхнічнага і медыцынскага забеспячэння войск. [Каралёў:] — Як новаму ў нас чалавеку, трэба ведаць, што мы — авіятэхнічны батальён. Асобная часць, тыл авіяцыі. Алешка.

4. Уся тэрыторыя краіны, якая вядзе вайну, разам з насельніцтвам, у процілегласць фронту. [Драздоў:] — Тыл дае арміі ўсё больш і больш зброі. Дудо.

•••

З тылу — акольным шляхам (зайсці і пад.).

тылаві́к, ‑а, м.

Разм. Той, хто служыць, працуе ў тыле (у 2–4 знач.). Нічога, што між іх шмат абознікаў, забеспячэнцаў, сувязістаў і іншых тылавікоў. Машара. Надышла яшчэ адна вясна, і .. [Арсень] пабойваўся ўжо, што гэтак і вайна скончыцца без яго ўдзелу ў баях, так і пражыве ён тылавіком. Хадкевіч.

тылавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да тылу (у 2–4 знач.). Тылавы раён. □ Для бітвы за Беларусь адлівалі танкавую браню на Урале, рабілі самалёты ў далёкіх тылавых гарадах, вучылі нястомна тысячы салдат. Мележ. На дапамогу тылавым ахоўным часцям былі кінуты лепшыя кадравыя дывізіі з танкамі. Шамякін. // Які знаходзіцца ў тыле (у 2 знач.). І тут, у тылавым шпіталі,.. [Дзям’яна] адразу ўсе заўважылі. Лупсякоў.

2. Тое, што і тыльны (у 1 знач.). З тылавога боку да лазні шчыльна падступаюцца густыя альховыя кусты. Якімовіч.

тылі́канне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. тылікаць.

тылі́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і тылілікаць.

тылілі́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Гукапераймальна — пра ігру на гармоніку, баяне і пад. Дзесьці тылілікаў гармонік. Бядуля.

ты́льда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Друкарскі знак у выглядзе хвалістай рысачкі (~).

[Ісп. tilde.]

ты́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца за кім‑, чым‑н., ззаду каго‑, чаго‑н. Адсюль добра была відна тыльная сцяна хаты і хлява. Дамашэвіч. Дзядзька ўзяў Даніка за рукаў, падвёў да дзвярэй другой, «тыльнай» палавіны хаты і пастукаў у дзверы. Брыль. // Знешні. [Наводчык Васіль] тыльным бокам далоні выціраў пот з ілба і наіўна, разгублена ад таго, што ўсе яго хвалілі, усміхаўся. Карпюк. // Адваротны. На тыльным баку каўняра вялікая лапіна зусім іншага колеру, чым усё паліто. Мехаў.

2. Тое, што і тылавы (у 1 знач.). Калона расцягнулася мо на якіх метраў дзвесце. Пярэднія, бакавыя і тыльныя дазоры таксама не вельмі адыходзілі ад бітай дарогі. Сабаленка.