Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тым, суадноснае слова, састаўная частка складанага злучніка, часціца.

1. суадноснае слова. а) Ужываецца ў складаных сказах з даданымі дапаўняльнымі, калі апорнае слова галоўнага сказа кіруе як даданым сказам, так і займеннікам. Думы, мары мае!.. Ганаруся я тым, што навек заўладалі вы сэрцам маім. Куляшоў. Расправу чыніць польскае начальства пад тымі, хто браў панскае дабро ў маёнтках і сек панскі лес. Колас; б) Ужываецца ў складаных сказах з даданымі супастаўляльнымі, якія падпарадкоўваюцца пры дапамозе злучніка «чым». І чым больш аддаляліся, заміралі гукі, тым больш вастрэйшая станавілася туга. М. Ткачоў. Чым бліжэй чулася сустрэча з .. [вёскай], тым больш расла трывога. Мележ; в) Ужываецца перад членамі простага сказа, якія супастаўляюцца пры дапамозе злучніка «чым», каб падкрэсліць большую ступень праяўлення прыкметы (звычайна перад вышэйшай стуценню прыслоўя або прыметніка). Пачалі браты церабіць прасекі.. Але дзе там! Чым далей, тым лес гусцей. Якімовіч. Чым госць радзейшы, тым мілейшы. Прыказка.

2. З’яўляецца састаўной часткай складаных падзельных злучнікаў «між тым, як», «перад тым, як», «тым больш (болей), што». Перад тым, як разысціся, закончыўшы паход, Нупрэй сабраў у лесе на прывале агульны сход. Колас. Мурашовай вельмі не хочацца адставаць ад Каці, тым больш, што лічыцца яна спрактыкаванай фармоўшчыцай. Скрыган.

3. часціца ўзмацняльная. Ужываецца з прыметнікамі і прыслоўямі вышэйшай ступені, каб падкрэсліць большую ступень праяўлення прыкметы. [Галчанаў:] — Калісьці ў вашым садзе пад бэраю была лавачка, яна цэлая? [Кулёнак:] — Там цяпер новая. Тая струхлела. — Тым лепш, калі новая. Васілёнак.

•••

Між тым — у той час, тым часам.

Разам з тым гл. разам.

Тым больш гл. больш.

Тым не менш (меней) гл. менш.

Тым часам гл. час.

тымо́л, ‑у, м.

Крышталічнае рэчыва, якое атрымліваюць з некаторых эфірных масел (выкарыстоўваецца як бактэрыцыдны сродак).

[Ад грэч. thymos — фіміям.]

тымо́лавы, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае ў сабе тымол. Тымолавая зубная паста.

тымпа́н 1, ‑а, м.

Старадаўні ўдарны музычны інструмент — род медных талерак або невялікай літаўры.

[Грэч. tympanon — барабан, бубен.]

тымпа́н 2, ‑а, м.

Спец. Трохвугольнае поле франтона з жывапіснымі і скульптурнымі ўпрыгожаннямі.

[Грэч. tympanon — барабан, бубен.]

тымпані́я, ‑і, ж.

Захворванне сельскагаспадарчай жывёлы, пры якім збіраецца празмерная колькасць газаў у рубцы жвачных або ў кішэчніку коней.

[Грэч. tympanon — барабан, бубен.]