тын, ‑у, м.
Агароджа з папярочных або вертыкальных жэрдак, пераплеценых прутамі лазы, хворастам. За невысокім тынам корпалася ў градах жанчына. Асіпенка. // Суцэльная агароджа з убітых у зямлю жэрдак, плашак. Бэзам абсаджана дварышча, Тынам з бярвенняў аточана. Дзяргай.
ты́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тыпу, з’яўляецца тынам.
тынк, ‑у, м.
Аддзелачны раствор з сумесі вяжучых рэчываў (вапны, цэменту, гліны, пяску, вады і пад.), які наносяць на паверхню будынкаў, унутраных сцен памяшканняў і пад. Пытаюся ў будаўнікоў: — Мо’ прымеце ўжо навасёлаў? — Рыхтуем пірагі для вас, А вы не падаяце вестак, — Дзяўчына кажа мне ў адказ І тынк замешвае, як цеста. Аўрамчык. // Цвёрды слой такога раствору на паверхні будынкаў, на ўнутраных сценах. Тынк у розных мясцінах быў абабіты, з-пад яго свяціліся пераплёты дранак, прыбітых да сцен. Колас. Тынк на сценах даўно ўжо змылі дажджы, і дом пачарнеў. Чорны. Падлога страсянулася, са столі і сцен пасыпаўся тынк. Мележ.
•••
Сухі тынк — будаўнічы матэрыял у выглядзе вялікіх тонкіх лістоў, які выкарыстоўваецца замест раствораў для аддзелкі памяшкання з сярэдзіны.
тынкава́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тынкавання. Тынкавальныя работы. // Прызначаны для тынкавання. Тынкавальны інструмент.
тынкава́нне, ‑я, м.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. тынкаваць.
тынкава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад тынкаваць.
2. у знач. прым. Пакрыты тынкам. Тынкаваная хата.
тынкава́цца, ‑куецца; незак.
Зал. да тынкаваць.
тынкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што і без дап.
Пакрываць сцены або столь тынкам, каб зрабіць паверхню гладкая. Разам з бацькам .. [Журба] хадзіў на заробкі: мураваў печы, тынкаваў хаты. Няхай. Развітаецца [Валя] з сяброўкамі, з якімі вельмі здружылася за колькі дзён, і бягом па аўтобус. У Новалукомль. Зноў у сваю брыгаду. Будзе тынкаваць. Мыслівец.
тынко́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. тынкаваць.
2. Слой тынку на паверхні будынкаў, на столі і сценах унутраных памяшканняў. Тынкоўка паадвальвалася цэлымі лапінамі, падлога выгніла, маснічыны між падвалін пазападалі, і з правалін несла сырою парахнёю. Скрыган. Пакуль хлопцы збіралі па насілкі абабітую тынкоўку, .. [Зіновій Цімафеевіч] пераходзіў у другі пакой, і зноў чуўся яго бурклівы голас: — Дрэнь... Сыплецца, як парахня... Нядзведскі.
тынко́ўшчык, ‑а, м.
Рабочы, спецыяліст па тынкоўцы.