Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тыра́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Доўгая фраза, урывак прамовы, асобная шматслоўная рэпліка, якія гаворацца звычайна прыўзнятым тонам. Тырада ветліва-пустая. Ніхто брывом не варухне. — Вы есці будзеце, пытаю? Вы сядзеце абедаць? — Не! Вялюгін. Холад не звяртаў і самай малой увагі на гэтыя ўзнёслыя тырады свайго памочніка, бо лічыў іх вынікам Сашынай маладосці. Васілёнак. — Чакай, Андрэй, не хітруй, — перарваў я яго высокую тыраду. — Ты ж добра ведаеш, што пасля таго, што ты расказаў, ні да якога Кузьмы я не паеду з табой. Краўчанка. // Маналог такога характару ў рамане, п’есе. Тырады Чацкага. □ У «Песні» [М. Гусоўскага] знаходзім такую, непаўторную, здаецца, па сваёй гістарычнай праўдзівасці, тыраду. Майхровіч.

[Фр. tirade.]

тыра́ж 1, ‑у, м.

1. Розыгрыш выйгрышаў у пазыцы або латарэі. Трэці тыраж дзяржаўнай пазыкі.

2. Пагашэнне аблігацый пазыкі або іншых папер установай, якая іх выпусціла. Аблігацыя выйшла ў тыраж.

•••

Выйсці ў тыраж гл. выйсці.

[Фр. tirage.]

тыра́ж 2, ‑у, м.

Колькасць экземпляраў якога‑н. друкаванага выдання аднаго выпуску. Тыраж газеты. Выданне мастацкіх твораў вялікім тыражом. □ Тыраж кнігі даволі вялікі, і тое, што праз некалькі тыдняў яна ўжо знікла з прылаўкаў кнігарняў, сведчыць пра цікавасць да яе шырокага кола чытачоў. «Полымя».

[Фр. tirage.]

тыражава́нне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. тыражаваць.

тыражава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад тыражаваць.

тыражава́цца, ‑жуецца; незак.

Зал. да тыражаваць.

тыражава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; зак. і незак., што.

Спец.

1. Устанавіць (устанаўліваць) тыраж кнігі, газеты і пад.

2. Рабіць неабходную колькасць копій (кінастужкі, пласцінкі і пад.).

тыра́жны 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тыражу ​1. Тыражная табліца. // Прызначаны для правядзення тыражу. Тыражны апарат.

тыра́жны 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тыражу ​2. Тыражны экземпляр.

тыра́н, ‑а, м.

1. Аднаасобны правіцель у Старажытнай Грэцыі, Рыме і гарадах-рэспубліках Італіі 13–16 стст., які захапіў уладу сілай.

2. Правіцель, улада якога заснавана на дэспатызме і гвалце. Капайце яму, далакопы, Каб у яе халодны жвір Упаў павек тыран Еўропы, Крывавы прывід і вампір! Колас. Наступіла вясна для народа, які перанёс цяжкае рабства турэцкіх заваёўнікаў і жорсткасць фашысцкіх тыранаў. «Беларусь». // Прыгнятальнік. Зашумеў лес разгуканы, Нівы задрыжалі. Задрыжалі і тыраны, Што бяду стваралі. Купала. Аддайце мне волю, тыраны, а не — дык вазьму яе сам. Таўлай.

3. перан. Жорсткі, дэспатычны чалавек, які здзекуецца з каго‑н., прычыняе мукі каму‑н. [Клава] гарэла нянавісцю да свайго айчыма Сёмкі Фартушніка — скнары і хатняга тырана, які ператварыў жыццё яе маці ў пакуту, які за грошы прадаваў нават уласную жонку. Кудраўцаў.

[Грэч. tyrannos.]

тыра́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што.

1. Праяўляць дэспатызм, жорсткасць у адносінах да каго‑н. Фашызм, які тыраніў Польшчу столькі год, больш сюды не вернецца. Пестрак.

2. Здзекавацца з каго‑н., мучыць каго‑н., прыгнятаць. — Я тыраню маці ўдзень і ўночы .. з-за майго кашлю маці пакутуе больш за мяне. Бядуля. [Іван:] — Я тыраніў цябе, Оля? Шамякін.

тырані́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тырана. Тыранічная ўлада.

2. перан. Жорсткі, дэспатычны, самаўпраўны.