ты́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Шост, які ставіцца, каб абазначыць дарогу (у полі, на снезе), межы зямельных участкаў і пад. Дваццаць хлопцаў і сем дзяўчат прыйшлі на работу. І работа закіпела адразу. Паставілі дзве высокія тычкі з саламянымі мётламі каля рэчкі Міранкі, вызначылі месца, дзе павінен прайсці канал. Колас. Пакуль што я памагаў дзядзьку Гарасіму: ставіў тычкі на межах дзялянак, падчэсваў іх сякераю зверху і пісаў хімічным карандашом з аднаго і другога боку, каму надзел вызначаецца. Якімовіч.

2. Спец. Паплавок у выглядзе шаста з мяцёлкай або перакладзінай наверсе, які абазначае мель, фарватэр і пад. — Пакупаемся, Галіна Казіміраўна, — прапанаваў Зянон. — Тут жа, мусіць, вельмі глыбока? — Не, не! Вунь аж да тых тычак можна ісці. Сабаленка. // звычайна мн. (ты́чкі, ‑чак). Шост, які выкарыстоўваецца як падпорка для павойных раслін. Вацькоўскі дом: шчыт — узыходзячае сонца, На тычцы ўецца белабровы хмель. Лойка. Халахцей баяўся Мар’і. «Бледны чорт» — было вышэйшай ступенню яе абурэння, і ён хуценька ныраў у тычкі з фасоляй і выбягаў на сцежку за поплавам. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)