смог, ‑а, м.
Забруджанае дымам і пылам паветра, якое ў выглядзе туману доўгі час вісіць над горадам.
[Англ. smog ад smoke — дым і fog — туман.]
смок, ‑а, м.
Тое, што і цмок 1. [Сымон:] Скажыце ж мне хоць: нашто гэта зборышча склікаецца? [Незнаёмы:] Смока выганяць! Купала.
смо́ква, ‑ы, ж.
1. Плод смакоўніцы; інжыр, вінная ягада.
2. Тое, што і смакоўніца (у 1 знач.).
смо́кінг, ‑а, м.
Пінжак з чорнага сукна з адкрытай грудзінай і доўгімі, абшытымі шоўкам адваротамі.
[Англ. smoking-jacket.]
смолапераго́нны, ‑ая, ‑ае.
Які прызначаны для перагонкі смалы. Смолаперагонны куб.
смолацячэ́нне, ‑я, н.
Узмоцненае выдзяленне смалы са ствала ці сукоў хвойных дрэў пры іх пашкоджанні.
смо́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад смаліць 1.
2. у знач. прым. Апрацаваны смалой, насычаны ёй. Смоленая бочка. Смоленая лодка. Смолены канат.
смо́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.
Тое, што і смаленне.
смо́лка 2, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.
1. Ласк. да смала (у 1 знач.). На вішнях смолка сочыцца з кары. Вялюгін.
2. Сумесь хваёвай або яловай смалы з пахучымі рэчывамі. Курыльная смолка. Пахучая смолка.
3. Спец. Сінтэтычнае рэчыва, якое выкарыстоўваецца пры закаркоўванні бутэлек.
смо́лка 3, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.
Лугавая травяністая расліна сямейства гваздзіковых з ружовымі кветкамі і клейкімі зверху сцёбламі. Невысокая трава паабапал стракацела жоўтымі люцікамі, ружовымі смолкамі, сінімі званочкамі. Ваданосаў.
смо́лкі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Тое, што і смалісты (у 1 знач.). Ліплі да пальцаў смолкія стружкі і трэскі, якія Міша кідаў у агонь. Арочка.
2. Намазаны, насычаны смалой (у 2 знач.). І квач, кудзеляю абкручаны, Па смолкай грубцы гарцаваў. Свірка.
смоль, ‑і, ж.
1. Смала (звычайна ў паэтычнай мове). Пахне смоллю Лясной, Аплывае жывіца. Лужанін. Усё было мне міла тут: Над Нёманам зялёны кут, Палі шырокія, узгоркі, І смоль сасны, і ў небе зоркі. Астрэйка. Векавечны, хмуры бор Горда ўзносіцца высокі, Моцна пахне хвояў смоль Ад пякучай ліпня спёкі. Жылка.
2. Смалісты кавалак драўніны; смаліна. Нават хата старая, ад таго, што гарэла на к[а]мінку смоль.., здалася прытульнай, цёплай. Галавач.
3. Гарэлае, гар; смаль. Мост дагараў. Пахла дымам, смоллю. Лынькоў. Ад Бугроў нясло чадам і смоллю. М. Ткачоў.
4. перан. Пра чорныя валасы; наогул што‑н. чорнае. Толькі і было той адзнакі гадоў, што паважная сівізна, якая ўбілася неяк непрыкметна ў колішнюю смоль валасоў. Лынькоў. Кубанак смоль, Чупрын віхры — любому заглядзецца... Калачынскі.
•••
Як смоль (чорны) — вельмі чорны і бліскучы (звычайна пра валасы).