Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

смя́глы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і смаглы.

смя́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

Тое, што і смагнуць. Хацелася піць, смяглі вусны. Асіпенка.

смяле́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. смелы.

смяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Рабіцца, станавіцца смелым, смялейшым. Хлопцы ўсё больш смялелі і ўжо проста, як старому сябру, пачалі расказваць Лясніцкаму ўсе вясковыя навіны. Шамякін. Настаўнік зусім не злуецца, і Ганька смялее і ўзнімае на яго вочы. Васілевіч.

смяльча́к, смельчака, м.

Разм. Смелы чалавек. Адразу ж знайшоўся смяльчак, распрануўся і скочыў у возера. Шашкоў. Смельчакі пад суцэльным шквалам агню ўсё ж неяк ухітраліся насіць у біклагах параненым ваду. Сачанка. Ніхто не адважваўся адкрыць перад Кацярынаю сваё сэрца, хоць смельчакоў хапала ў Залесавічах. Карамазаў.

смярдзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

Вылучаць смурод, дрэнна пахнуць. Моцна смярдзеў тлеючы торф. Машара. / у безас. ужыв. Моцна смярдзела сажай, пылам і яшчэ нечым нежылым і брыдкім. Быкаў. Ва ўсім доме смярдзела нечым кіслым і гнілым. Чарнышэвіч. // Быць насычаным чым‑н., прапахнуць чым‑н. Цемнаваты калідор смярдзеў дымам і якімсьці кіслым пахам. Гартны.

смярдзю́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Невялікі драпежны звярок з каштоўным футрам, які выдзяляе смярдзючы рэзкі пах; скунс.

2. Назва розных раслін (траў), якія вызначаюцца вострым непрыемным пахам.

смярдзю́чы, ‑ая, ‑ае.

Які вылучае смурод; смуродны. Іван сеў побач з Гэляю, Звесіўшы кудлатую галаву, прагна курыў смярдзючы самасад. Грахоўскі. Хворы Нор тры тыдні ляжаў паміж гарачымі катламі, на кучы смярдзючай прамасленай паклі. Шамякін. // Які насычаны смуродам, прапах ім. А вось жа брала яна мяне за душу. І мяне, і ўсіх, хто слухаў у смярдзючым бараку светлую музыку. Даніленка.

смяро́тнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць смяротнага (у 2 знач.).

2. Колькасць выпадкаў смерці за які‑н. перыяд часу сярод пэўнай сукупнасці людзей (насельніцтва краіны, горада і пад.). Дзіцячая смяротнасць. Смяротнасць ад няшчасных выпадкаў.

смяро́тнік, ‑а, м.

Той, хто асуджаны на смерць або прыгавораны да пакарання смерцю. Ледзь перастаўляючы ногі, раз-пораз адпачываючы на прыдарожных кам[янях] і ў кюветах, пляліся счарнелыя чалавечыя здані — смяротніка Трасцянца, вязці, вывезеныя фашыстамі ў турмы другіх гарадоў, у канцэнтрацыйныя лагеры, на прымусовыя работы. Карпаў.