Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сме́ла, прысл.

1. Прысл. да смелы.

2. Разм. Несумненна; з поўнай абгрунтаванасцю. — А новага старшыню ў вас выбраць няцяжка, мы ж ведаем, — сказаў Вітушка, — Любога брыгадзіра можна смела ставіць хоць сёння. Шамякін. Можна смела сказаць, што каб Гальвас крыкнуў на яе... [Аміля] не вытрымала б узятай на сябе ролі. Чорны. — Дык ты лічыш, што я яшчэ не старая? — спытала раптам Галіна. — Ані не старая, — сказаў я. Ты яшчэ смела можаш выскачыць замуж. Васілёнак.

сме́ласць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць смелага. Смеласць выступленне. □ А потым глядзіш, гэты факт, памножаны на смеласць думкі і дасціпнасць домыслу, становіцца ўжо тым грунтам, на якім вырастаюць нарысы, эсэ, манаграфіі. «Маладосць».

2. Смелыя паводзіны; храбрасць, адвага. Смеласць і бясстрашша, якімі валодаў Уладзімір Ільіч, перадаваліся і прысутным. Гурскі. Цяпер адна смеласць [падпольшчыкам] не памагала, патрэбна была яшчэ і хітрасць. Новікаў. У знішчальніка павінна быць дзёрзкая смеласць. Алешка. // Рашучасць. Нініна ўсмешка, мусіць, паддала хлопцу смеласці, ён таксама ўсміхнуўся і сеў каля Ніны. Арабей. А смеласці [у Антона] не хапала падысці, слова сказаць [Паліне]. Кавалёў.

сме́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не паддаецца страху, храбры, адважны. Нор па тым, што ўбачыў і пачуў, уявіў сабе гэтую вялікую краіну, у якой жывуць такія добрыя, дужыя і смелыя людзі. Шамякін. Алесь асцярожна абыходзіў навічкоў, што нясмела трымаліся на каньках, спрытна ўхіляўся ад занадта смелых і рызыкоўных бегуноў. Шыцік. / у знач. наз. сме́лы, ‑ага, м. Мне лес цяпер міл удвая, Бо родны лес мой краю служыць, Бо лес мой туліць смелых, дужых. Колас. [Грыцко:] — Чалавек ён [бацька] смелы, адважны, а смелых і кулі не бяруць. Кулакоўскі. // Які выказвае адвагу, бясстрашнасць. Тыя ж вочы, Позірк смелы, Нібы глянуў сам камбат... Прыходзька. У мой пакой прыйшлі яны з эфіру, прабіўшыся скрозь цемру і туман, — то смелы голас абаронцаў міру, то мужны голас слаўных парыжан. А. Вольскі. // Які сведчыць аб бясстрашнасць адвазе; які робіцца з адвагай. Смелы манеўр. □ Арыштаваныя зрабілі смелы напад на канвой. Лынькоў. Дэсант быў напорысты і смелы. Аляхновіч.

2. Які не баіцца цяжкасцей, перашкод; рашучы. Смелы даследчык. // Поўны смеласці, рызыкі. [Ганна:] Аб гэтым, плане трэба параіцца з Максімам Іванавічам... Смелы план... Кучар. [Зёлкін:] Ад даклада паважанага Аляксандра Пятровіча я ў вялікім захапленні. Які палёт думкі! Якое смелае пранікненне ў глыбіню сівых вякоў! Крапіва. Адважыўся на смелы крок: з-пад носа кралю павалок! Колас. // Які мае ў сабе нешта арыгінальнае, новае. Думка смелая прыйшла: Зробім столік са стала! Калачынскі. // Які ўзнімае вострыя пытанні. Смелая крытыка. Смелая прамова.

3. Нязвыклы; нетрафарэтны. Смелы архітэктурны прыём. □ Праект [студэнта] горача падтрымлівае сакратар райкома, перамагае наватарскі, смелы погляд на жыццё. Бярозкін.

4. Які выходзіць за межы прынятага; не зусім сціплы. Смелы жарт. Смелае дэкальтэ.

смерд, ‑а, М ‑дзе, м.

1. У старажытнай Русі — селянін-земляроб, які быў у феадальнай залежнасці. Т. Шаўчэнка і Янка Купала збліжаюць лёс княгіні з лёсам .. жонк[і] селяніна-смерда, які загінуў у час паходу. Палітыка. // Зневажальная, пагардлівая назва, якой карысталіся прыгоннікі ў адносінах да простага люду. [Еган да Скарыны:] Вось і сядзі ў яме, смерд пышлівы! Клімковіч.

2. перан. Даўней — нязнатны чалавек, чалавек з простанароддзя. Пеўнік не ведаў, што дзяўчына была пляменніцай самога епіскапа, што Лату смяротна і небяспечна было быць там, дзе яна, бо ён смерд. Караткевіч. Князь тут дняваў і начаваў — Абы далей ад свецкіх спраў; Хадзіў, як смерд, без жупана. Бажко.

смертано́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць смертаноснага. Смертаноснасць зброі.

смертано́сны, ‑ая, ‑ае.

Які нясе, выклікае смерць (у 2 знач.). Смертаносны сок. Смертаносныя мікробы. □ [Алаіза] хоча зазірнуць у душу салдата, які пасылаў у натоўп смертаносныя кулі. Арабей. Недзе дождж прайшоў.. — Ды не той — Гаючы, жыватворны, А — атрутны, смертаносны лівень. Гілевіч.

сме́ртнік, ‑а, м.

Той, хто асуджаны на смерць. Кастусь Прыбыткоўскі ў гэты апошні момант меў адчуванне, падобнае да адчування смертніка, які ведае, што сваёю смерцю ён выратоўвае тых, хто яму даражэй за ўласнае жыццё. Чорны. На расстрэле.. [бацьку] паставілі ў сямі кроках ад смертнікаў. Скрыган.

сме́ртны, ‑ая, ‑ае.

1. Які канчаецца смерцю, звязаны са смерцю. Смертны выпадак. Смертны час. // Прызначаны для памёршага. Смертны саван. Смертнае адзенне. Смертная пасцель. // Які служыць прыкметай памірання, звязаны са смерцю. Смертная агонія. Смертныя хрыпы.

2. Такі, які не можа жыць вечна, павінен памерці. Чалавек смертны. // у знач. наз. сме́ртны, ‑ага, м.; сме́ртная, ‑ай, ж. Чалавек. Гэта нас, смертных, абміне такі лёс. А вас, факт, успомняць. Пальчэўскі.

3. Такі, які пазбаўляе жыцця, вядзе да смерці. Смертная кара. Смертны прыгавор. □ [Брыль:] — Ён жа [саюз] абараніў нас ад навалы белых армій і іх саюзнікаў, замежнай буржуазіі, што ў смертнай схватцы прабавала задушыць нас. Колас.

•••

Просты смертны — звычайны чалавек, які нічым не вызначаецца.

Смертны грэх гл. грэх.

сме́ртухна, ‑ы, ж.

Разм. Ласк. да смерць. [Ганна:] — Божа мой, божа! За што мне такая кара! Лепш бы я малою памерла, чым жыць з такім ірадам, з такім п’яніцам. Божачка мілы, чым я цябе прагнявіла! Пашлі ты мне смертухну ці яго забі маланкаю, громам-перуном. За што ён катуе мяне?! Колас. Павярніся, Ліска, Пакланіся Нізка: Смертухна ўжо блізка. Вітка.

смерць, ‑і; Р мн. смярцей; ж.

1. Спыненне жыццядзейнасці, гібель арганізма; спыненне біялагічнага абмену рэчываў у арганізме або ў яго частцы. Фізіялагічная смерць. Смерць клеткі. Смерць дрэва.

2. Спыненне існавання чалавека ці жывёліны. Раптоўная смерць. Смерць ад разрыву сэрца. Гвалтоўная смерць. □ Хлапец чуў, як халадзее рука бацькі, як з кожнай хвілінай астывае яго кроў, як падступае смерць. Самуйлёнак. Паклікаў бацька перад смерцю сыноў. Якімовіч. // Разм. Смертная кара. Пакараць смерцю. □ [Немцы] прысудзілі Сёмку да смерці. Лынькоў. А як смерцю Максіма скаралі, — Рукі белыя да брамы прыбівалі. Багдановіч. // перан. Гібель, знішчэнне, канец чаго‑н. Смерць горада.

3. у знач. вык. Разм. Дрэнна, нядобра; бяда, гора. [Мароз:] — Каму-небудзь ад крытыкі смерць, а бальшавіку толькі здорава. Лобан. На спакой і на мір ашчарацца не смець! Войнам — смерць! Войнам — смерць! Шушкевіч. Хоць верць-круць, хоць круць-верць, а панству ўсё роўна смерць. З нар.

•••

Клінічная смерць — прамежак часу, калі дыханне і сардэчная дзейнасць спыняюцца, але тканкі яшчэ не падвяргаюцца распаду і ў пэўнай ступені захоўваюць жыццяздольнасць.

Палітычная смерць — немагчымасць для каго‑н. працягваць палітычную дзейнасць па прычыне поўнага свайго ідэйнага і палітычнага банкруцтва.

Глядзець смерці ў вочы гл. глядзець.

Да смерці — вельмі моцна. Дзядзька да смерці спалохаўся, а мядзведзь, мусіць, спалохаўся таксама, бо раптам як павярнуў у гушчар ды як даў дзёру. Васілевіч.

Знайсці смерць гл. знайсці.

На валасок (валаску) ад смерці гл. валасок.

Не на жыццё, а на смерць гл. жыццё.

Паміж (між) жыццём і смерцю гл. жыццё.

Пры смерці — у вельмі цяжкім, небяспечным для жыцця стане.

Пытанне жыцця або смерці гл. пытанне.

Сеяць смерць гл. сеяць.

Толькі па смерць пасылаць каго гл. пасылаць.

Тры чвэрці да смерці гл. чвэрць.

Як смерць (пра выгляд чалавека) — вельмі бледны.