сме́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не паддаецца страху, храбры, адважны. Нор па тым, што ўбачыў і пачуў, уявіў сабе гэтую вялікую краіну, у якой жывуць такія добрыя, дужыя і смелыя людзі. Шамякін. Алесь асцярожна абыходзіў навічкоў, што нясмела трымаліся на каньках, спрытна ўхіляўся ад занадта смелых і рызыкоўных бегуноў. Шыцік. / у знач. наз. сме́лы, ‑ага, м. Мне лес цяпер міл удвая, Бо родны лес мой краю служыць, Бо лес мой туліць смелых, дужых. Колас. [Грыцко:] — Чалавек ён [бацька] смелы, адважны, а смелых і кулі не бяруць. Кулакоўскі. // Які выказвае адвагу, бясстрашнасць. Тыя ж вочы, Позірк смелы, Нібы глянуў сам камбат... Прыходзька. У мой пакой прыйшлі яны з эфіру, прабіўшыся скрозь цемру і туман, — то смелы голас абаронцаў міру, то мужны голас слаўных парыжан. А. Вольскі. // Які сведчыць аб бясстрашнасць адвазе; які робіцца з адвагай. Смелы манеўр. □ Арыштаваныя зрабілі смелы напад на канвой. Лынькоў. Дэсант быў напорысты і смелы. Аляхновіч.
2. Які не баіцца цяжкасцей, перашкод; рашучы. Смелы даследчык. // Поўны смеласці, рызыкі. [Ганна:] Аб гэтым, плане трэба параіцца з Максімам Іванавічам... Смелы план... Кучар. [Зёлкін:] Ад даклада паважанага Аляксандра Пятровіча я ў вялікім захапленні. Які палёт думкі! Якое смелае пранікненне ў глыбіню сівых вякоў! Крапіва. Адважыўся на смелы крок: з-пад носа кралю павалок! Колас. // Які мае ў сабе нешта арыгінальнае, новае. Думка смелая прыйшла: Зробім столік са стала! Калачынскі. // Які ўзнімае вострыя пытанні. Смелая крытыка. Смелая прамова.
3. Нязвыклы; нетрафарэтны. Смелы архітэктурны прыём. □ Праект [студэнта] горача падтрымлівае сакратар райкома, перамагае наватарскі, смелы погляд на жыццё. Бярозкін.
4. Які выходзіць за межы прынятага; не зусім сціплы. Смелы жарт. Смелае дэкальтэ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)