мост, ‑а, М ‑сце; мн. масты, ‑оў; м.
1. Збудаванне для пераходу або пераезду цераз раку, канал, чыгунку і г. д. Чыгуначны мост. Пад’ёмны мост. □ Гулка аддаецца тупат капыт па драўляным мосце. Бядуля. І ўсе сходзяцца на адным: да таго, як будзе пабудаваны капітальны мост праз Дзвіну ў раёне будоўлі, на месцы пераправы патрэбен наплыўны мост. Грахоўскі. // перан. Тое, што служыць звяном сувязі паміж кім‑, чым‑н. Бясхітрасна і проста Сыду на берагі чужыя я. Хачу зрабіцца хоць маленькім мостам Між імі і табой, зямля мая. Панчанка.
2. У спорце — пастава, пры якой цела выгнута грудзямі ўверх з апорай на далоні і пяткі.
3. Спец. Частка шасі аўтамашыны, трактара, размешчаная над восямі і звязаная з коламі. Пярэдні мост. Задні мост.
4. Спец. Планка, на якой замацоўваецца рад штучных зубоў.
•••
Паветраны мост — авіяцыйная лінія з перавалачнымі аэрадромамі і навігацыйным абсталяваннем.
Пантонны мост — мост на пантонах.
(Патрэбен) як у мосце дзірка гл. дзірка.
Проста з моста гл. проста.
Спаліць масты (за сабой) гл. спаліць.
мостабудаўні́к, ‑а, м.
Спецыяліст па будаўніцтву мастоў.
мостабудаўні́чы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мостабудавання.
мо́сцік, ‑а, м.
1. Памянш. да мост (у 1 знач.); невялічкі мост. Пад нагамі заскрыпелі дошкі маленькага мосціка праз раўчук. Шамякін. І неяк міжвольна перакідаецца мосцік паміж учарашнім днём і заўтрашнім. Шахавец.
2. Тое, што і мост (у 2, 4 знач.).
3. Высокая пляцоўка, узвышэнне на караблях, некаторых машынах для назірання за чым‑н., камандавання. Капітанскі мосцік. □ Марына адной рукой ухапілася за поручань, а другой ускінула кошык на паравозны мосцік. Кавалёў. Недзе там, на мосціку камбайна, стаяў і тоўсты Амархан. Даніленка.