мо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
Заціхаць, замаўкаць. Тым часам сяло моўкла, ноч усё глыбей і цяжэй насядала на зямлю. Колас. У цесных долах Гвадарамы Каторы дзень не моўкне бой. Глебка.
мо́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мовы. Моўныя звароты. Моўная характарыстыка. Моўныя групы.
мо́ўчкі, прысл.
1. Нічога не гаворачы. Чалавек стаяў моўчкі, разгублена цёр шыю. Новікаў. Вера слухала .. [Анісіма] моўчкі, не перастаючы збіраць ягады. Сачанка.
2. перан. Не пратэстуючы, пакорліва, маўкліва. Моўчкі скарыўся лёсу, Моўчкі цярплю хваробу. Жычка. Усе сядзелі моўчкі, бо надзеі на вызваленне ўжо не было. Федасеенка.
3. перан. Паціху, тайком. Схаваўшыся за куст, Грышка моўчкі наглядаў за сваім сябрам. Колас.