мол, ‑а, м.
Партовае збудаванне ў выглядзе высокага і доўгага вала, якое засцерагае параходы ад марскіх хваль. Іліко і Гіго сядзелі на моле, на каменнай сцяне, што ішла далёка ў мора. Самуйлёнак.
[Іт. molo, ад лац. moles — насып.]
мо́лада, прысл.
Як у маладога, як малады. Вочы [Гогіберыдзе] глядзелі молада, жвавыя, цёмныя і бліскучыя. Самуйлёнак. Кроў пульсуе заўзята, і молада Новым дням і пачуццям у лад. Глебка.
мо́ладасць, ‑і, ж.
Абл. Маладосць. Ды наша моладасць слязам І сумным песням не паверыць. Танк.
мо́ладзь, ‑і, ж., зб.
Маладое, падрастаючае пакаленне. Яшчэ не затухла полымя грамадзянскай вайны, а моладзь ужо бралася будаваць новае жыццё. Няхай. Няма на зямлі шчаслівей юнакоў, Як моладзь Савецкай радзімы. А. Александровіч. // Маладыя людзі; юнакі, дзяўчаты. Дзед Ігнат, а за ім іншыя мужчыны, скінулі шапкі, прыціхла моладзь... Васілевіч.
•••
Залатая моладзь — моладзь з буржуазна-дваранскага асяроддзя, якая вядзе марнатраўнае жыццё.
мо́лат, ‑а, М ‑лаце, м.
1. Вялікі цяжкі малаток, якім куюць металы, дробяць каменне, забіваюць што‑н. і г. д. Яшчэ здалёк даносіўся звон піл, кавальскіх молатаў, кувалдаў. Бялевіч. Бацька біў каменне велізарным молатам. Чорны.
2. Механічная прылада для апрацоўкі металаў пры дапамозе ціску. [Каваль] грукнуў дваццацітонным паравым молатам па балванцы і задаволена ўсміхнуўся. Навуменка. У кузні пры майстэрні гулка стукаў аўтаматычны молат і гудзеў горан. Шамякін.
3. Спартыўная прылада для кідання — металічнае ядро з тросам.
•••
Серп і молат гл. серп.
Паміж молатам і кавадлам — у цяжкім становішчы, калі небяспека пагражае з двух бакоў (быць, аказацца, знаходзіцца і пад.).
молатападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які мае форму молата; падобны на молат (у 1 знач.).
мо́латы, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад малоць.
2. у знач. прым. Размолаты, змолаты. Молатыя сухары.
мо́лат-ры́ба, молат-рыбы, ж.
Рыба сямейства молатагаловых акул.
мо́левы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да моля 2, звязаны з ім. Молевы сплаў.