Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мо́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Панаванне ў пэўным грамадскім асяроддзі тых ці іншых густаў, якія праяўляюцца пераважна ў асаблівасцях адзення. Апраналася панна Ядвіга паводле апошняй моды з Вільні. Бядуля. // перан. Агульнае прызнанне, вядомасць у даны час. Мода на эстрадную песню. Мода на кнігу.

2. толькі мн. (мо́ды, мод). Навейшыя фасоны ўбораў. Часопіс мод.

3. Разм. Звычай, прывычка. Аграном колькі часу ідзе моўчкі за фурманкай. Мода ў яго такая. Б. Стральцоў.

•••

(Апошні) крык моды гл. крык.

Выйсці з моды гл. выйсці.

Мець моду гл. мець.

Увайсці ў моду гл. увайсці.

Узяць (займець, паняць) моду гл. узяць.

[Фр. mode.]

мо́длы, ‑аў.

Уст. Малітва. Маліўся дзядзька з тым разлікам, Каб кончыць модлы каля дома. Колас. Часамі .. [дзед] проста выдумляў свае ўласныя модлы, у якіх ад царкоўна-славянскай мовы не заставалася і знаку. Лужанін. // Моцная просьба, маленне. Зямля беларуская, сонечны край, Начуй нашы модлы любві! Глебка.

мо́дна, прысл.

Згодна з модай. На борце самалёта было толькі чатыры пасажыры: савецкі інжынер Міхаіл Ярохін, адзін паважаны, модна апрануты англічанін і маладая канадка з дачкой год чатырох. Шамякін. Вывесілі на вагоне аб’яву, што тут, у цырульні на колах, можна модна пастрыгчыся. Карпаў.

мо́днік, ‑а, м.

Разм. Той, хто ва ўсім прытрымліваецца моды; франт. Мяне асабліва цікавіў .. [гаспадар], бо глядзеў з партрэта на нас у капялюшыку набакір. Ну, ці ж гэта не моднік, не купалаўскі пан Быкоўскі? Пестрак.

мо́дніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да моднік.

мо́днічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Прытрымлівацца моды; франціць.

мо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены па модзе, адпаведна з модай. Модны капялюш. □ Сіняе паліто з чорным коцікавым каўняром было моднае, шчыльна аблягала .. [Ірыніну] постаць. Чорны. Бант быў чорны, а па чорнаму — чырвоныя і белыя гарошыны, вельмі модны бант. Мікуліч.

2. Які прытрымліваецца моды, ідзе за модай. Перад.. [Алесем] стаяў Кібрык. У светлым касцюме, вясенні, модны. Шыцік.

3. Які мае адносіны да моды (у 2 знач.).

4. Які карыстаецца папулярнасцю, агульным прызнаннем у гэты перыяд. Модны пісьменнік. Модны раманс. □ Кібрык сеў за піяніна, узяў акорд з моднай песенькі. Шыцік.

мо́дуль, ‑я, м.

1. У тэхніцы — назва некаторых каэфіцыентаў. Модуль пругкасці.

2. У матэматыцы — лік, на які трэба памножыць лагарыфм адной сістэмы, каб атрымаць лагарыфм другой сістэмы.

3. У будаўнічай справе і архітэктуры — умоўная адзінка даўжыні, якая ўжываецца для каардынацыі памераў будоў, збудаванняў і іх частак.

[Фр. module, ад лац. modulus — мера.]

мо́дульны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да модуля.

мо́дус, ‑а, м.

1. У логіцы — разнавіднасць сілагізму.

2. У філасофіі 17–18 стст. — мінучы стан або мінучая ўласцівасць матэрыі.

3. Кніжн. Спосаб чаго‑н. Модус пагаднення. Модус прадстаўніцтва.

•••

Модус вівендзі — умовы, якія робяць магчымым хоць часовае пагадненне паміж двума варожымі бакамі (лац. modus vivendi — спосаб існавання, жыцця).

[Лац. modus — мера; спосаб; від.]