Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мо́гілкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да могілак. Вецер гнаў нізкія хмары, разгойдваючы верхавіны дрэў за могілкавай агароджай. Галавач.

мо́гілкі, ‑лак і ‑лкаў; адз. няма.

Месца, дзе хаваюць памёршых. Слёзы на людскіх тварах мяшаліся з дажджом, і здавалася, што ўсе плачуць, усе сорак тысяч людзей, якія праводзілі забітых на могілкі. Арабей. Пішчыкаў стаяў на краі.. могілак, дзе быў выкананы дол. Алешка. // перан. Месца, куды звозіцца старая або набітая тэхніка. Вось і паравозныя могілкі. Лынькоў. На гэты раз .. [Раманенка] з цікавасцю і здавальненнем некалькі хвілін разглядаў велізарныя могілкі варожай тэхнікі. Шамякін.

мо́гільнік, ‑а, м.

1. Тое, што і могілкі. Маці памерла і была пахавана ў тым далёкім кутку могільніка пад вязамі, куды цяпер хадзіла прыцемкамі незнаёмая жанчына. Чорны.

2. Старажытныя могілкі. На месцы раскопак быў выяўлен старажытны могільнік. «Беларусь».

мо́гільнікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да могільніка.