Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мор, ‑у, м.

Уст. Павальная смерць, эпідэмія. Стала ціха, нібы мор выкаціў усю вёску. Пташнікаў.

мо́ра, ‑а, н.

1. Частка акіяна, больш-менш адасобленая сушай, з гаркавата-салёнай вадой. Чорнае мора. Балтыйскае мора. □ Над морам займаецца ясная раніца, і падаюць промні наўскос у ваду. А. Вольскі. Паўночнае мора сустрэла нас штормам. Панчанка. // Умоўная назва некаторых вялікіх азёр ці вялікіх штучных вадаёмаў. Аральскае мора. Мінскае мора.

2. перан. Вялікая прастора чаго‑н. Мора лясоў. □ Рэчкі, купіны, чароты, Мора траў і хмызняку. Колас. І зноў пачыналіся палі, далёка забягаючы жаўтаватым морам жытоў. Скрыган.

3. перан. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Мора людзей. Мора кветак. Мора слёз. Мора агню. □ Над морам людскіх галоў узлятае чырвоны сцяг. «Маладосць». / Аб адцягненых з’явах, прадметах, аб пачуццях. Цямней .. становяцца вочы твае, і душа мая тоне ў глыбокім моры іх ззяння. Бядуля.

•••

Адкрытае мора — мора, якое знаходзіцца ў агульным карыстанні ўсіх дзяржаў.

Закрытае мора — мора, усе берагі якога належаць адной дзяржаве.

Капля (кропля) у моры гл. капля.

Мора па калена — усё ніпачым, нічога не цяжка, нічога не страшна.

На дне мора знайсці гл. знайсці.

Чакаць з мора пагоды гл. чакаць.

мо́рак, ‑у, м.

1. Разм. Змрок, цемра. Цямнелася. Моракі клаліся на пыльны брук, на гароды, хавалі далёкія гумны. Пташнікаў. Напружыўшы зрок, Максім разабраў у мораку ледзь прыкметы чалавечы прывід. Машара. // перан. Цемрашальства, дурман. Рэлігійны морак. // перан. Пра што‑н. невядомае, загадкавае. Дзьме холадам ад старажытнага муру, Жыццё тут знямела, захутана ў морак... Тарас.

2. Абл. Мор; пошасць. Пастукалася ў сенцы Палажка — ні гу-гу. Як морак па сядзібе прайшоў. Лобан.

мо́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад марыць (у 1, 4 знач.).

2. у знач. прым. Худы, замораны.

3. у знач. прым. Апрацаваны марылкай (у 2 знач.).

морг 1, ‑а, м.

Трупярня. Стары інвалід быў забіты насмерць, і яго адразу адвезлі ў морг. Лынькоў.

[Фр. morgue.]

морг 2, ‑а, м.

Старая зямельная мера (0,71 гектара). Тым часам з дому для падмогі, Саху забраўшы і нарогі, Антось прыехаў і на грэчку Узняў маргоў са два папару. Колас.

[Польск. morg.]

морг 3, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца для абазначэння адзінкавага кароткага маргання (ад дзеясл. маргнуць і маргаць).

мо́рганне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. моргаць.

мо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і маргаць (у 1, 2 знач.).

мо́рда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Пярэдняя частка галавы ў жывёлы. Падабраў [Марцін] з-пад конскай морды ў абярэмак сена і, паклаўшы на калёсы, стаў запрагаць каня. Мележ. Цялушка .. трасе галавою і выцягвае морду. Колас.

2. Груб. Твар чалавека. [Дзед:] — Па мордзе, голубе, відаць — шкадлівы ты чалавек. Бажко. // Ужываецца як лаянка. — Пашавельвайся хутчэй, бандыцкая морда! — крыкнуў .. [чырвонаармеец], нарэшце. Крапіва.

мо́рдачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм.

1. Памянш.-ласк. да морда (у 1 знач.).

2. Твар. На аблезлай мордачцы .. [Абрамавай] цвіло замілаванне. Новікаў.

морж, маржа, м.

Млекакормячая жывёліна атрада ластаногіх з кароткай шэрсцю і вялікімі ікламі.

[З мовы саамі.]