мора, ‑а, н.

1. Частка акіяна, больш-менш адасобленая сушай, з гаркавата-салёнай вадой. Чорнае мора. Балтыйскае мора. ▪ Над морам займаецца ясная раніца, і падаюць промні наўскос у ваду. А. Вольскі. Паўночнае мора сустрэла нас штормам. Панчанка. // Умоўная назва некаторых вялікіх азёр ці вялікіх штучных вадаёмаў. Аральскае мора. Мінскае мора.

2. перан. Вялікая прастора чаго‑н. Мора лясоў. ▪ Рэчкі, купіны, чароты, Мора траў і хмызняку. Колас. І зноў пачыналіся палі, далёка забягаючы жаўтаватым морам жытоў. Скрыган.

3. перан. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Мора людзей. Мора кветак. Мора слёз. Мора агню. ▪ Над морам людскіх галоў узлятае чырвоны сцяг. «Маладосць». / Аб адцягненых з’явах, прадметах, аб пачуццях. Цямней .. становяцца вочы твае, і душа мая тоне ў глыбокім моры іх ззяння. Бядуля.

•••

Адкрытае мора — мора, якое знаходзіцца ў агульным карыстанні ўсіх дзяржаў.

Закрытае мора — мора, усе берагі якога належаць адной дзяржаве.

Капля (кропля) у моры гл. капля.

Мора па калена — усё ніпачым, нічога не цяжка, нічога не страшна.

На дне мора знайсці гл. знайсці.

Чакаць з мора пагоды гл. чакаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)