мост, ‑а, М ‑сце; мн. масты, ‑оў; м.
1. Збудаванне для пераходу або пераезду цераз раку, канал, чыгунку і г. д. Чыгуначны мост. Пад’ёмны мост. □ Гулка аддаецца тупат капыт па драўляным мосце. Бядуля. І ўсе сходзяцца на адным: да таго, як будзе пабудаваны капітальны мост праз Дзвіну ў раёне будоўлі, на месцы пераправы патрэбен наплыўны мост. Грахоўскі. // перан. Тое, што служыць звяном сувязі паміж кім‑, чым‑н. Бясхітрасна і проста Сыду на берагі чужыя я. Хачу зрабіцца хоць маленькім мостам Між імі і табой, зямля мая. Панчанка.
2. У спорце — пастава, пры якой цела выгнута грудзямі ўверх з апорай на далоні і пяткі.
3. Спец. Частка шасі аўтамашыны, трактара, размешчаная над восямі і звязаная з коламі. Пярэдні мост. Задні мост.
4. Спец. Планка, на якой замацоўваецца рад штучных зубоў.
•••
Паветраны мост — авіяцыйная лінія з перавалачнымі аэрадромамі і навігацыйным абсталяваннем.
Пантонны мост — мост на пантонах.
(Патрэбен) як у мосце дзірка гл. дзірка.
Проста з моста гл. проста.
Спаліць масты (за сабой) гл. спаліць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)