Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

клюз, ‑а, м.

Адтуліна ў корпусе карабля, цераз якую праходзяць якарныя ланцугі, тросы і пад.

[Гал. kluis.]

клю́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Аднакр. да кляваць.

2. Выпіць гарэлкі, віна; напіцца да ап’янення. Швагер клюнуў, відаць, ніштавата. Здараецца гэта з ім рэдка. Брыль.

•••

Клюнуць носам — упасці наперад, ударыўшыся носам.

Курыцы недзе клюнуць — пра цеснату, адсутнасць свабоднага месца дзе‑н.

ключ, ‑а, м.

1. Металічная прылада для замыкання і адмыкання замка. Ключ ад кватэры. □ Жанчына дастала аднекуль з сваёй адзежы ключ і адамкнула дзверы. Чорны.

2. Прылада для ўмацавання або адкручвання чаго‑н., для прывядзення ў рух розных механізмаў. Гаечны ключ. Завесці гадзіннік ключом. // Прыстасаванне для нацягвання струн у музычных інструментах.

3. перан. Сродак, магчымасць для разгадкі, разумення каго‑, чаго‑н., для авалодання чым‑н. Марксісцка-ленінскі светапогляд з’яўляецца адзіным ключом для правільнага раскрыцця зместу драматычнага твора. «Беларусь». // Сістэма абазначэння літар, лічбаў і пад., на якой асноўваецца чытанне шыфраваных тэкстаў. Ліў дождок, а Якаўлеў усё даваў мне настаўленні, правяраў, ці добра я запомніў ключ шыфра, ці не забыў яўкі, якой-небудзь дробязі. Анісаў. // Збор адказаў у задачніку, а таксама падрадковыя тлумачэнні да замежнага тэксту.

4. Найбольш важнае ў ваенных адносінах месца, авалоданне якім адкрывае доступ куды‑н., забяспечвае перамогу.

5. Спец. Выключальнік для хуткага замыкання і разрыву ланцуга перадатчыка пры тэлеграфнай і радыётэлеграфнай сувязі.

6. Знак у пачатку нотнага радка, які ўмоўна паказвае на ноту, ад вышыні якой залежыць вышыня і размяшчэнне наступных нот. Скрыпічны ключ. Басовы ключ. // Рытм, кірунак, характэрны для літаратурнага твора ў цэлым. Зусім непрыкметна.. Куляшоў пераводзіць гучанне верша ў новы рытмічны ключ — анапест. Бярозкін. Уся стылістыка.. верша з моцнымі трагедыйнымі матывамі вытрымана ў адным эмацыянальным ключы. Бугаёў.

7. У архітэктуры — верхні клінападобны камень, якім заканчваецца арка, скляпенне.

8. Чарада птушак (гусей, жураўлёў і пад.), якія ляцяць клінам. Гаманлівыя птушак ключы Паляцелі на поўдзень даўно. Хведаровіч.

ключавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да ключа (у 1, 2, 3, 5, 6 і 7 знач.).

2. Важны, рашаючы ў ваенных, эканамічных ці інш. адносінах. Захапіць ключавыя пазіцыі.

ключа́р, ‑а, м.

1. Уст. Той, хто захоўвае ключы ад чаго‑н.

2. Духоўная асоба (звычайна свяшчэннік), якая распараджаецца царкоўнай маёмасцю.

клю́чнік, ‑а, м.

Уст. Слуга ў панскім маёнтку, у распараджэнні якога знаходзіліся прадукты харчавання і ключы ад месц іх захоўвання.

клю́чніца, ‑ы, ж.

Жан. да ключнік.

клю́чыкі, ‑аў.

Тое, што і першацвет.

ключы́ца, ‑ы, ж.

Парная трубчастая косць плечавога пояса чалавека і хрыбетных жывёл, якая злучае лапатку з грудзінай.

ключы́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ключніцы. Ключычныя ўпадзіны.