клява́ць, клюю, клюеш, клюе; клюём, клюяце; незак.
1. што. Есці, хапаючы, адшчыпваючы ежу дзюбай (пра птушак). Куры клююць зерне. □ Тут крычаць вераб’і і клююць крапіву. Купала.
2. каго-што. Біць, удараць дзюбай; дзяўбці. Певень клюе ката. □ А чайкі смялелі ў змаганні, Плявалі яго [каршуна], дабівалі. Бялевіч. // перан. Даймаць, дапякаць, крыўдзіць. — Добры ты сябра Васілю Міхайлавічу аднак. Яго і без цябе клюе кіраўніцтва. Шыцік.
3. Хапаць прынаду, насадку на вудачцы (пра рыбу). Акуні клююць слаба: відаць, не галодныя. Якімовіч.
4. безас. Разм. Ідзе на лад; атрымліваецца, ўдаецца. — Вось бачыш, адразу клюе, — сказаў дзядзька Пятрусь да Адася. — Пабегла [старая] па кілбасы, да якіх я ласы. Дамашэвіч.
5. перан. Разм. Мнагакратна ўдараць чым‑н. вострым; дзяўбаць, цюкаць. Кляваць тапаром бервяно. // Доўга і настойліва біць з гармат у адно месца. Настала ноч, а гэты мінамёт усё кляваў і кляваў у адно і тое ж месца. Кулакоўскі.
•••
Кляваць (дзюбаць) носам — драмаць то апускаючы, то ўзнімаючы галаву.
Куры не клююць гл. курыца.
кляве́ц, кляўца, м.
Малаток для насякання млынавых камянёў, для кляпання кос. На надворках, па падстрэшшу, у сенцах скакалі заўзята кляўцы па бабках, адцягваючы вострыя языкі кос. Крапіва.
кляёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Тое, што і цырата. Я нарабіла ўсё хутка: вымыла і склала посуд, заслала скрыню кляёнкай. Савіцкі.
кляйме́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. кляйміць. Кляйменне гавару. Кляйменне лесу.
кляймёны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад кляйміць.
2. у знач. прым. З кляймом. Кляймёны тавар.
кляймі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак., каго-што.
Тое, што і клеймаваць. Кляйміць лес. Кляйміць жывёлу. □ Гнеўны голас паэта кляйміць ганьбай ворагаў міру. Шкраба.
кляймо́, ‑а́; мн. кле́ймы (з ліч. 2, 3, 4 кляймы́), кле́ймаў; н.
1. Пячатка, знак, якія ставяцца на вырабах і паказваюць гатунак тавару, назву прадпрыемства і пад. Фабрычнае кляймо. Завадское кляймо. □ Павел сядзеў на нізкім табурэціку і, схіліўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкі на падкладцы капелюша. Шамякін. // Выпалены знак на скуры жывёлы. // Метка, звычайна ў форме літар, выпаленая на целе злачынца (у некаторых дзяржавах і ў Расіі да 1863 года).
2. перан.; чаго або якое. Знак, сведчанне чаго‑н. (звычайна ганебнага). Кляймо забойства. □ Занятак адкладвае на кожнага своеасаблівае кляймо. Бядуля.
3. Прылада, якой кляймуюць.
•••
Каінава кляймо — след злачынства на кім‑н.
кляймо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кляйма; які з’яўляецца кляймом. Кляймовы знак.
кля́кса, ‑ы, ж.
Чарнільная пляма. Ручка ўпала на паперу, пасадзіўшы на ёй добрую кляксу. Лынькоў.
кля́мар, ‑а, м.
1. звычайна мн. (кля́мары, ‑аў). Драўляныя пласціны, якія ставяцца з абодвух бакоў сцяны і сцягваюцца жалезнымі прутамі для яе выраўноўвання і мацавання. Узяць сцяну ў клямары.
2. Абл. Спражка на рэмені, папрузе. [Арцыховіч] падперазаўся новай папругай з блішчастым клямарам. Алешка.