Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

клевяшчы́на, ‑ы, ж.

Адна‑, двух- або шматгадовая расліна сямейства парасонавых з белымі або чырванаватымі кветкамі і плодам сямянкай.

клееварэ́нне, ‑я, н.

Гатаванне, варка клею.

кле́енне, ‑я, н.

Тое, што і клейка.

кле́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад клеіць.

2. у знач. прым. Змацаваны пры дапамозе клею. Клееная фанера.

клеепадо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на клей. Клеепадобнае рэчыва.

кле́іцца, клеіцца; незак.

1. Разм. Станавіцца ліпкім, клейкім. Пальцы клеяцца ад смалы.

2. Паддавацца склейванню, клейцы. Папера добра клеіцца.

3. перан. (звычайна з адмоўем). Разм. Атрымлівацца, ладзіцца. Справа не клеіцца. □ Размова паміж дзяўчатамі не клеілася. Карпюк.

4. Зал. да клеіць.

кле́іць, клею, клеіш, клеіць; незак., што.

Рабіць, вырабляць што‑н., змацоўваючы часткі клеем, клейстарам. Клеіць папяровага змея. Клеіць канверт. □ Чэсаныя валёнкі засунуты ў галошы, якія ў вайну клеілі з аўтакамер у кожнай вёсцы. Новікаў. // Разм. Прымацоўваць з дапамогай клею; прыклейваць. З раённага Дома культуры выскачыў цыбаты юнак і стаў клеіць на вітрыну аб’яву. Гаўрылкін. // Разм. Рамантаваць, накладваючы латкі з дапамогай клею. Клеіць дзіравую камеру.

клей, ‑ю, м.

Ліпкае рэчыва, якое скарыстоўваюць для трывалага змацавання (склейвання) чаго‑н. Канцылярскі клей. Сталярскі клей.

кле́йка, ‑і, ДМ клейцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. клеіць.

клейкаві́на, ‑ы, ж.

Клейкае бялковае рэчыва, якое знаходзіцца ў зерні злакаў і не раствараецца ў вадзе.