кло́мля, ‑і, ж.
Абл. Рыбацкая снасць накшталт трохвугольнай прызмы, абцягнутай сеткай, з адкрытай бакавой гранню; сак. У кломлю больш трапляла зялёнай, мяккай ціны, .. як той рыбы. Мележ.
клоп, клапа, м.
Невялікае насякомае-паразіт, якое корміцца кроўю жывёл і чалавека. Пасцельны клоп. // Наземнае або воднае насякомае-паразіт. Раслінаедны клоп.
•••
Карміць клапоў гл. карміць.
кло́пат, ‑у, М ‑паце, м.
1. Неспакойная думка пра што‑н.; сканцэнтраванасць думак над ажыццяўленнем чаго‑н. Набліжалася сяўба жыта, і Андрэй ад клопатаў і турбот не знаходзіў сабе месца. Чарнышэвіч. // з інф. Задача, справа. І клопат мой — дапамагчы Зямлі ў вялікай справе: Перакаваць хутчэй мячы На кельмы і аралы. Кляўко. Першы клопат хлебаробаў раёна — барацьба за выкананне прынятых абавязацельстваў. «Звязда».
2. Увага да патрэб і запатрабаванняў каго‑н. Праявіць клопат. Дзякаваць за клопаты. Клопаты партыі аб дабрабыце працоўных. // звычайна мн. (кло́паты, ‑аў). Турботы, справы. У Наталлі, як звычайна ў гаспадыні ў святочны дзень, было безліч дробных клопатаў па гаспадарцы: то заслаць, то прыбраць, то выцерці пыл, то падумаць, што згатаваць паесці. Скрыган. Не мела баба клопату — купіла парася. Прыказка.
3. Трывожны стан; непакой, хваляванне. Клопат не адступае, трывожыць — трэба прарывацца, чакаць нельга — заўтра зрабіць гэта будзе цяжэй. Праціўнік яшчэ не ўмацаваўся, не ў поўнай сіле. Мележ.
•••
Вялікі клопат (іран.) — пра тое, што не заслугоўвае ніякай увагі.
Не было клопату гл. быць.
кло́пфер, ‑а, м.
Спец. Тэлеграфны апарат для прыёму сігналаў азбукі Морзе на слых.
[Ням. Klopfer.]
кло́ун, ‑а, м.
Цыркавы артыст-комік. Выступленні вядомага клоуна. // перан. Пра чалавека, які ў кампаніі разыгрывае ролю камедыянта. Адчуваючы сябе ў пакоі неяк збоку, Кучынскі сказаў: — Ведаеце, хто вы? Клоуны! Карпюк.
[Англ. clown.]
кло́унскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да клоуна, уласцівы яму. Клоунскія здольнасці. Клоунскі касцюм. // перан. Камічны. Клоунскія выхадкі.