кло́пат, ‑у, М ‑паце, м.

1. Неспакойная думка пра што‑н.; сканцэнтраванасць думак над ажыццяўленнем чаго‑н. Набліжалася сяўба жыта, і Андрэй ад клопатаў і турбот не знаходзіў сабе месца. Чарнышэвіч. // з інф. Задача, справа. І клопат мой — дапамагчы Зямлі ў вялікай справе: Перакаваць хутчэй мячы На кельмы і аралы. Кляўко. Першы клопат хлебаробаў раёна — барацьба за выкананне прынятых абавязацельстваў. «Звязда».

2. Увага да патрэб і запатрабаванняў каго‑н. Праявіць клопат. Дзякаваць за клопаты. Клопаты партыі аб дабрабыце працоўных. // звычайна мн. (кло́паты, ‑аў). Турботы, справы. У Наталлі, як звычайна ў гаспадыні ў святочны дзень, было безліч дробных клопатаў па гаспадарцы: то заслаць, то прыбраць, то выцерці пыл, то падумаць, што згатаваць паесці. Скрыган. Не мела баба клопату — купіла парася. Прыказка.

3. Трывожны стан; непакой, хваляванне. Клопат не адступае, трывожыць — трэба прарывацца, чакаць нельга — заўтра зрабіць гэта будзе цяжэй. Праціўнік яшчэ не ўмацаваўся, не ў поўнай сіле. Мележ.

•••

Вялікі клопат (іран.) — пра тое, што не заслугоўвае ніякай увагі.

Не было клопату гл. быць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)