клёк, ‑у, м.
Разм.
1. Розум, развага. Ого, Ічэ — галава з мазгамі! Клёк у хлопца ёсць! Шынклер.
2. Жыццёвая сіла; сокі. — Калі ў чалавеку няма ўжо клёку, дык ніхто яму не паможа, — прастагнала Салвесіха. Сабаленка.
клёкат, ‑у, М ‑каце, м.
1. Перарывісты крык, характэрны для некаторых птушак. Бусліны клёкат. □ Гучаць мелодыі, і сэрца рвецца Туды, дзе ружамі цвітуць даліны, Дзе вінаграднік ля дарогі ўецца, А ў небе клёкат чуецца арліны. Гілевіч.
2. Гукі, якія ўтвараюцца пры кіпенні, бульканні вадкасцей. Клёкат вады.
3. Пра глухія перарывістыя гукі ў горле, грудзях. Сын гаварыў спакойным тонам, але з нейкім слабым клёкатам у глотцы. Караткевіч.
клён, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Дрэвавая або кустовая расліна сямейства кляновых, драўніна якой ідзе на выраб мэблі, музычных інструментаў і пад.
2. ‑у. Драўніна гэтай расліны. Лыжы з клёну. □ Даніла падбіраў клён, бярозу, дуб, асіну на цабэркі, вёдры, начоўкі і лыжкі. Бядуля.
клёнік, ‑а, м.
Памянш. да клён; малады клён. Клёнік рос на тым баку шашы, цераз якую Ліпцы няможна было пераходзіць. Брыль. На пагорку расло шмат дубкоў, клёнікаў, бярозак, дзесяткі дрэўцаў. Ваданосаў.
клённік, ‑у, м., зб.
Кляновы зараснік. [Каза] Спакойна клённікам ідзе, Зялёны ліст смакуе. Барадулін.
клёпачнік, ‑а, м.
Рабочы, які робіць клёпкі.
клёпачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да клёпкі, служыць для вырабу клёпак. Клёпачны матэрыял. Клёпачны станок.
клёпка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. кляпаць. Ручная клёпка. Клёпка катлоў.
2. Р мн. ‑пак. Кожная асобная дошчачка, з якіх складаюць бочку, дзежку, кадушку і пад. Стары Гарась, як і помніць Даша, заўсёды стругаў пад паветкай клёпкі, гулка грымеў на ўсе суседскія двары вочкамі і кубламі, наганяючы на іх то лазовыя, то арэхавыя абручы. Ракітны. Дзежка грымнулася аб зледзянелую сцежку, клёпкі са звонам рассыпаліся ва ўсе бакі. Дуброўскі.
•••
Клёпкі ў галаве не хапае (не стае) гл. хапаць.
клёў, клёву, м.
Дзеянне паводле дзеясл. кляваць (у 3 знач.). Найбольш ажыўлены клёў судака назіраецца ў пачатку і ў канцы зімы. Матрунёнак.
клёцкі, ‑цак, Д ‑цкам; адз. клёцка, ‑і, ДМ ‑ццы, ж.
Страва з мучнога цеста або дранай бульбы ў выглядзе галачак, звараных у суне, малацэ, вадзе. Клёцкі з малаком. □ Трапіш да кабеціны рахманай — Паспытаеш, друг мой дарагі, Дранікі са свежаю смятанай, Бабку, клёцкі, нават пірагі. Панчанка.
•••
Клёцкі з душамі — вялікія галушкі, начыненыя мясным ці іншым фаршам з рознымі прыправамі.
[Польск. kluski з ням.]