з’я́ва, ‑ы, ж.
1. Усякае праяўленне чаго‑н. у выглядзе змен, рэакцый і пад. Фізічная з’ява. Хімічныя з’явы. З’явы прыроды. □ Снежная маланка — з’ява досыць рэдкая, і ўбачыць яе ўдаецца далёка не кожнаму. Матрунёнак. // У філасофіі — знешняе выяўленне сутнасці, знешняя форма, у якой прадметы, працэсы рэчаіснасці выступаюць на паверхні.
2. Падзея, факт, выпадак. Яшчэ адна з’ява, што так глыбока запала ў душу Сяргея і так моцна ўскалыхнула яе, — гэта смерць камандзіра іх батарэі. Колас. // Пра што‑н. выдатнае, адметнае ў навуцы, культуры. Класіка на акадэмічнай беларускай сцэне — гэта ж з’ява. «ЛіМ».
3. Частка драматычнага твора — акта або дзеі, у якой склад дзеючых асоб не мяняецца. Першая з’ява другога акта.
•••
Бытавая з’ява — пра якую‑н. з’яву, якая стала штодзённай, звычайнай.
з’яві́цца, з’яўлюся, з’явішся, з’явіцца; зак.
1. Прыйсці, прыбыць куды‑н. Рыгор у назначаны тэрмін з’явіўся ў парк. Гартны. Вартаўнік Мітрафан з’явіўся на крык толькі тады, як збегся цэлы натоўп людзей. Ермаловіч. // Прыбыць куды‑н. па якой‑н. афіцыйнай неабходнасці, загаду і пад. З’явіцца ў суд. □ [Баяновіч:] З’явіўся згодна вашаму загаду. Глебка.
2. Узнікнуць, паказацца перад чыімі‑н. вачамі. На небе з’явіліся першыя зоркі. □ Вось сярод туману нешта заварушылася, і праз хвіліну з’явілася другая лодка. Маўр. // Узнікнуць, зарадзіцца. І такая раптам спакуса з’явілася ў Міхася націснуць на курок, што аж галава закружылася. Якімовіч. Адразу з’явіўся ў Міколкі план, як спрытней узяць ворага. Лынькоў. // Вырасці. Вывеўся .. [апалонік] з ікрынкі, глядзіш, праз колькі дзён у яго лапкі з’явяцца, а пасля і жабай зробіцца. Даніленка. // Аказацца надрукаваным, апублікаваным. Верш «Ворагам Беларушчыны» з’явіўся ў дванаццатым нумары «Нашай нівы» за 1908 год. Казека. // Пачаць дзейнічаць, праяўляць сябе. За гады савецкай улады многа выдатных людзей з’явілася ў беларускім Палессі. Чорны.
3. Стаць, зрабіцца чым‑н. Першая руская рэвалюцыя з’явілася паваротным пунктам у гісторыі народаў Расіі. Ярош.
•••
З’явіцца на свет — нарадзіцца. У шчаслівы час [сын] з’явіўся на свет. Скрыпка.
З’явіцца на чыім гарызонце — тое, што і паказацца на чыім гарызонце (гл. паказацца).
Як з (з-пад) зямлі з’явіцца — тое, што і як з (з-пад) зямлі вырасці (гл. вырасці).
з’я́вішча, ‑а, н.
Разм. Тое, што і з’ява (у 1, 2 знач.). Вайна для Валі была.. раптоўным і нечаканым з’явішчам. Дамашэвіч. Янка Купала — не проста літаратурная з’ява ці эпоха, творчасць паэта — з’явішча грамадска-палітычнае. Лужанін.
з’яда́льнасць, ‑і, ж.
Ступень з’ядання корму жывёлай. Лепшай па пажыўнасці і з’ядальнасці трава бывае ў чэрвені, да пачатку цвіцення.
з’яда́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. з’ядаць — з’есці.
з’яда́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да з’есціся.
2. Зал. да з’ядаць.
з’яда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да з’есці.
з’ядзе́нне, ‑я, н.
У выразе: на з’ядзенне каму (аддаць, пакінуць, застацца і пад.) — а) каб хто‑н. з’еў. На з’ядзенне ваўкам; б) перан. пад поўную ўладу, на расправу каму‑н.
з’ядна́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан з’яднанага. З’яднанасць радоў партыі. З’яднанасць савецкіх народаў.
з’ядна́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. з’яднаць (у 2, 3 знач.); дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. з’яднацца.