з’е́дзены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад з’есці.
з’е́длівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць з’едлівага. — А ты не ведаеш Сабакевіча? — пачуў .. [Жылінскі] голас Рудчанкі і не мог зразумець адразу, чаго ў ім было больш — злосці ці з’едлівасці. Сіўцоў.
з’е́длівы, ‑ая, ‑ае.
Схільны да едкіх, зласлівых насмешак; ядавіты. Хітраваты і з’едлівы на язык пяцікласнік Піліп Чаравака здорава падкалоў Адама, калі той запісваў хлопцаў у сваю брыгаду. Нядзведскі. // Які заключае, выражае едкую насмешку, здзек. З’едлівы тон. З’едлівыя словы. З’едлівая сатыра. □ Як зрабіць, каб.. пачуць людскі шчыры, а не з’едлівы, штучны смех? Крапіва.
з’езд, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. з’язджацца — з’ехацца (у 2 знач.). Пачаўся з’езд гасцей.
2. ‑а. Сход прадстаўнікоў якіх‑н. вялікіх арганізацый, катэгорый насельніцтва і пад., які мае грамадска-палітычны або навуковы характар. З’езд КПСС. З’езд настаўнікаў. З’езд калгаснікаў. З’езд славістаў.
3. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. з’язджаць — з’ехаць (у 1, 2 знач.). З’езд з гары на санках. Пры з’ездзе з дарогі воз абярнуўся.
4. ‑а. Месца, па якім спускаюцца, з’язджаюць уніз: спуск. Відаць было, як яны [немцы] спускаліся па дарожным з’ездзе ўніз, хаваючыся за гліністымі буграмі. Лынькоў. Перш чым трапіць.. да мосціка, трэба з’ехаць пракапаным з’ездам, дзе калёсы і чалавек хаваюцца з галавою. Караткевіч.
з’е́здаўскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да з’езда (у 2 знач.). З’ездаўскія даклады.
з’е́зджаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад з’ездзіць (у 2 знач.).
2. у знач. прым. Сапсаваны доўгай або неакуратнай яздой. З’езджаныя шыны. □ [Пніцкі] цэлую.. вясну не браўся за пугу, каб наганяць свайго з’езджанага каня. Чорны.
з’е́зджвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да з’ездзіцца (у 1 знач.).
2. Зал. да з’езджваць.
з’е́зджваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да з’ездзіць (у 3 знач.).
з’е́здзіцца, ‑дзіцца; зак.
1. Прыйсці ў непрыгоднасць ад доўгай язды. Сані з’ездзіліся. □ Вагон — хата Міколкава. Стары парахнявы вагон, з пашчапанымі коламі, са збітымі буферамі. З’ездзіўся вагон, пастарэў. Лынькоў.
2. Зак. да ездзіцца.
•••
Была кабылка, ды з’ездзілася гл. кабылка.
Быў конь (конік), ды з’ездзіўся гл. конь.
з’е́здзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
1. Паехаць куды‑н., пабыць там з якой‑н. мэтай і вярнуцца назад. З’ездзіць па дровы. З’ездзіць у горад. З’ездзіць у госці. З’ездзіць паглядзець новабудоўлю. □ У нядзелю Ганна Лявонаўна і Іван Трахімавіч з’ездзілі на базар, купілі тое-сёе. Корбан.
2. што. Пабыць у шмат якіх мясцінах, аб’ездзіць якую‑н. тэрыторыю. З’ездзіў усю краіну ўдоўж і ўпоперак. □ Не мала страціў зім, Не мала з’ездзіў свету. Не вытрымаў Максім, Рашыў: Дадому еду. Куляшоў.
3. каго-што. Разм. Сапсаваць, зрабіць непрыгодным ад частай язды. З’ездзіць колы. // Часта або многа ездзячы па чым‑н., стаптаць, папсаваць. З’ездзіць пасевы. З’ездзілі калёсамі ўсю пожню.
4. па чым, каму. Разм. Стукнуць, ударыць (у 6 знач.). — Трэба было, унучка, чапялою разы са тры па гарбу яму з’ездзіць. Сіняўскі.