Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

з’ара́ць, з’ару, з’арэш, з’арэ; з’аром, з’араце; зак., што.

Аручы, зняць, зраўнаваць. З’араць пагорак. З’араць межы.

з’арганізава́цца, ‑зуецца; ‑зуемся, ‑зуецеся, ‑зуюцца; зак.

1. Аб’яднацца, стварыўшы якую‑н. групу, арганізацыю. [Тодар] далучыўся да былых акружэнцаў, што з’арганізаваліся ў партызанскі атрад. З імі і праваяваў усю вайну. Пальчэўскі. [Крывавязаў:] — Мы, восем чалавек артылерыстаў, пазаўчора з’арганізаваліся ў ячэйку. Хадкевіч. // Аб’яднацца. згуртавацца для якой‑н. мэты. [Янка Чабор] пісаў: «Давайце з’арганізуемся, каб агульнымі сіламі выдаваць свой уласны часопіс». Хромчанка.

2. Заснавацца, стварыцца, узнікнуць. Пры клубе з’арганізаваўся аматарскі хор.

3. Набыць арганізаваны характар. З’арганізавалася спартыўная вучоба.

з’арганізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., каго-што.

1. Аб’яднаць, згуртаваць для якой‑н. мэты; арганізаваць. З’арганізаваць масы.

2. Стварыць, заснаваць што‑н., пакласці пачатак існаванню чаго‑н. Адным словам, у той вечар, як выступіў Шульга, у нас быў гэтакі зрух, што я ўжо радаваўся: рагазінцы першымі ў раёне з’арганізуюць калгас. Сабаленка.

3. Наладзіць арганізацыйна. З’арганізаваць вытворчасць.

з’арыгіна́льнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Паступіць арыгінальна, не так, як усе.

з’арыентава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.

1. Вызначыць па якіх‑н. арыенцірах сваё месца знаходжання або напрамак руху. Паходня прыбавіў кроку і ўжо больш з’арыентаваўся, перайшоўшы Свіслач .. і ўбачыўшы цёмныя шапкі дрэў гарадскога парку. Хадкевіч.

2. перан. Разм. Разабрацца ў чым‑н., вызначыць, як належыць дзейнічаць. Правільна з’арыентавацца ў падзеях.

з’арыентава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

1. Адкарэкціраваць рух, размяшчэнне чаго‑н. па якіх‑н. арыенцірах. З’арыентаваць касмічную станцыю па Сонцы і Месяцы.

2. перан. Дапамагчы каму‑н. хутка разабрацца ў абставінах. Усё пісьменнікам прадумана, прадугледжана, каб пасяліць у чытача з першых жа старонак інтрыгу і з’арыентаваць яго на цярплівае даследаванне. Юрэвіч.