зыб, зыбу, м.
Лёгкае хістанне воднай паверхні, рабізна на воднай паверхні. Затока. Ні хвалі, ні зыбу няма, І тут нават кручы не надта крутыя. Зарыцкі.
зы́банне, ‑я, н.
Разм.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. зыбаць — зыбацца.
2. Стан паводле знач. дзеясл. зыбацца. Канстанцін Міхайлавіч глядзіць, нібыта ўгадвае праз парушаны зімовы сон возера недалёкае зыбанне хваль. Лужанін. Зыбанне платформы адчувалася ўсім корпусам цела. Шынклер.
зыбану́цца і зыбну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Аднакр. да зыбацца.
зыбану́ць і зыбну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да зыбаць.
зы́бацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Гушкацца, то падымаючыся, то апускаючыся. Зыбацца на нагах. Дрыгва зыбаецца. □ Лодка зыбаецца на паверхні вады, і ад яе разыходзяцца ў бакі ледзь прыкметныя хвалі. Лупсякоў. Дошкі ўгіналіся, зыбаліся пад нагамі. Лынькоў.
2. Зал. да зыбаць.
зы́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Разм. Гушкаць, то падымаючы, то апускаючы. Зыбаць дзіця. □ Турбот нямала ў Нёмана заўсёды. Спяшаецца з пагоркаў ён, з далін, Каб зыбаць караблі на быстрых водах І карагодзіць лопасці турбін. Калачынскі.
зы́бісты, ‑ая, ‑ае.
1. Хвалісты, з зыбам. [За яварамі] — белавата-серабрысты і сцюдзёна-зыбісты плеск сажалкі. Ракітны.
2. Зыбкі, хісткі. На чаўне хтосьці крыкне «ратуйце!». Пойдзе лямант па зыбістай гаці. Бядуля.
зы́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.
Калыска, падвешаная на гнуткай палцы, прымацаванай да столі. Палыхае вогнішча ў грубцы, асвятляючы падлогу, супрацьлеглую сцяну, драўляную зыбку, у якой спіць малое. Лупсякоў.
зы́бкасць, ‑і, ж.
Уласцівасць зыбкага. Зыбкасць глебы.
зы́бкі, ‑ая, ‑ае.
Які можа зыбацца, гушкацца; гнуткі. Зыбкае балота. □ Перайшоўшы зыбкую кладку праз рэчку, дзед пайшоў сцежкай. Лынькоў. // Які знаходзіцца ў стане лёгкага руху, хістання. Па вадзе забегалі зыбкія маленькія хвалькі, пайшлі блішчастыя пухіркі, якія хутка бясшумна лопаліся. Лупсякоў.