Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ба́чанне, ‑я, н.

1. Зрокавае ўспрыманне рэчаў навакольнага асяроддзя. Выразнае бачанне прадмета. □ Бачаннем жорава не зловіш. Прыказка. // Здольнасць арганізма ў сонным стане ўяўляць зрокавыя вобразы.

2. Разумовае ўсведамленне, успрыманне навакольнага свету. Свежасць паэтычнага бачання жыцця. □ Бачанне прыгожага і ўтылітарнага ў адзінстве, непарыўнай сувязі мела для эстэтыкі савецкай літаратуры надзвычай вялікае значэнне. Навуменка.

ба́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад бачыць.

•••

Дзе гэта бачана (з злучн. «каб» або з інф.) — выражае здзіўленне, незадавальненне чым‑н.

бачко́м, прысл.

Разм.

1. Ісці плячом уперад. Нарэшце прыйшоў Кацура. Бачком улез у дзверы, абтрос мокрую шапку. Асіпенка. // Сядзець напаўпаварота. Андрэй сядзеў на ложку бачком, і акно было ў яго якраз перад вачыма. Пташнікаў.

2. Стараной, туляючыся. Сабраўся Сіпак у камячок .. і бачком-бачком падаўся быў да школьнай дрывотні. Лынькоў.

3. Між іншым, не кранаючы асноўнага. А крытыка пра гэта скажа бачком: вельмі добрая, сакавітая мова, або — нудная, сухая мова. Скрыган.

•••

Ехаць бачком — хітраваць; прыстасоўваючыся да абставін, хітруючы, старацца не трапляць у кепскае становішча.

ба́члівы, ‑ая, ‑ае.

Праніклівы, дапытлівы. — І пэўне з Завітанак сюды хтось завітвае, — жартаўліва ў тон гаспадару прамовіў Лабановіч і кінуў на яго бачлівы погляд. Колас.

ба́чна, у знач. вык.

Відаць; можна разгледзець. Адсюль [з абочыны] было добра бачна ўсё, што адбываецца на полі. Шыцік. / з злучн. «што», «як» і інш. Два.. байцы нехаця палезлі на абрыў; бачна было, як яны прыкметна баяліся. Быкаў. А там бог бацька, бачна будзе, Як што абернецца яно. Колас.

ба́чнасць, ‑і, ж.

1. Магчымасць бачыць; магчымасць бачыць ўдалечыню. Вылучаюцца паласатыя пары пагранічных слупоў.. Направа і налева ад кожнай пары, не выходзячы з межаў бачнасці, віднеецца другая, ад другой — трэцяя і г. д. Брыль.

2. Разм. Знешняе падабенства, якое робіць падманлівае ўражанне. Бачнасць высакародства. □ Жыжка пусціўся на хітрыкі. Ён пачаў з таго,.. як быў утвораны ўвосень гурток па вывучэнню агранома — і пайшоў, і пайшоў, абводзячы пытанне вялікім кругам непатрэбшчыны, ствараючы бачнасць нейкай дужа вялікай працы ў гэтым напрамку. Ермаловіч.

ба́чны, ‑ая, ‑ае.

Даступны зроку. Высока-высока над.. [Максімкам], ледзь бачныя, кружыліся буслы. Гамолка. Над комінам хаты паказаўся пакуль што не бачны нікому лёгкі дымок. Брыль.

бачо́к 1, ‑чка, м.

1. Памянш. да бак. Пад’ехала кухня. З паходных бачкоў Мы смачна пад’елі тады. Броўка.

2. Пасудзіна для праяўлення фотапласцінак, плёнак.

бачо́к 2, ‑чка, м.

Памянш. да бок. [Марына Архіпаўна:] — Павернецца ён на другі бачок і просіцца: «Мамачка, родная, яшчэ хоць адну мінутачку [паспаць]». Шамякін.

бачу́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Маленькая бочка. Набіралі [суседзі] ля калодзежа халодную ваду ў глякі і бачуркі — каб хапіла да вечара. Крапіва.

ба́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

Разм.

1. Сустракацца, мець спатканне з кім‑н. Сухавараў распытаўся, як здароўе панны Ядвісі, як жыве сам настаўнік, як часта бачыцца ён з паненкамі. Колас. // перан. Знацца з чым‑н., адчуваць на сабе ўздзеянне чаго‑н. (часцей з адмоўем). [Незнаёмы:] — Жыў на свеце Лявон, Молад, дужы быў ён, Толькі з воляй і доляй не бачыўся. Купала.

2. Быць бачным; успрымацца зрокам. [Павел] аглядаўся — і не пазнаваў парку: дрэвы кожны раз бачыліся нязвыкла цёмнымі і чужымі. Вышынскі. [Галай] павінен быў дазнацца, што за агеньчыкі бачыліся яму ўначы, дакапацца да сутнасці з’явы. Шыцік.

3. Паўставаць у думках, уяўляцца. Будучае бачылася выразна, як другі бераг іх ціхай Пцічы. Грахоўскі. // Разм. Здавацца, мроіцца. [Замылка:] — Баешка ў нас заўжды такі... падазроны, яму ўсё нешта бачыцца такое... Шынклер. // Разм. Праясняцца, больш прыкметна выступаць. Аднак сёння, на дзевятым месяцы палону, Алесю многае ўжо бачыцца ясней, чым у тую кашмарную першую ноч, калі і радасць, і адчай, і горкі сум то праясняліся трохі, то зноў жахліва блыталіся ў адно. Брыль.

•••

Бачыцца (пабачыцца) са шкляным богам — выпіваць, піць.