Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ба́цькаўскі, ‑ая, ‑ае, н.

1. Які належыць бацьку. Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца, Як бы корань з дрэвам, як бы з небам сонца. Купала. // Уласцівы бацьку. Паглядзіць на свайго сына Сцяпан, і напоўняцца яго вочы вялікай бацькаўскай радасцю. Кулакоўскі. // Набыты, спраўлены бацькам. [Ганцы] было вельмі прыемна выводзіць з аглабель за повад уласнага бацькаўскага каня. Чорны.

2. Звязаны з бацькаўшчынай, радзімай. Клічуць дарогі ў бясконцыя далі... Самы ты вольны, край бацькаўскі наш! Кірэенка. На ім [гербе] — каронай залатой — Спляліся спелыя калоссі Бязмежных бацькаўскіх раўнін. Бялевіч.

ба́цькаўшчына, ‑ы, ж.

1. Для кожнага чалавека краіна, дзе ён нарадзіўся, грамадзянінам якой ён з’яўляецца. Працоўныя справы і духоўныя імкненні беларуса — родныя ўсім народам сацыялістычнай бацькаўшчыны. Лужанін. Паволі разыходзіліся салдаты, поўныя дум пра лёс сваёй бацькаўшчыны, сем’яў, пра сваё асабістае жыццё. Гурскі.

2. Родны куток, месца, дзе нарадзіўся і вырас хто‑н. — Якая прыгожая Асінаўка! — заўважыла Маша. — Бацькаўшчына твая, а ты не хацеў сюды ехаць. Гроднеў. // Месца, дзе што‑н. значнае адбылося, дало чаму‑н. важнаму пачатак. Савецкі Саюз — бацькаўшчына сацыялістычнай рэвалюцыі.

3. Набытак бацькі, спадчынная маёмасць. [Пракоп сыну:] — Растрасе бацькаўшчыну. Хутка [прагуляе], што нажыў бацька за свой век. Баранавых.

бацькі́, ‑оў; адз. няма.

1. Бацька і маці ў адносінах да сваіх дзяцей. Бацькі Ціхона Піменавіча Бумажкова былі бедныя сяляне з вёскі Пудоўля на Магілёўшчыне. Чорны.

2. Папярэднія пакаленні, продкі. Бо я знаю — землі нашы, Горы, моры, нівы, пашы Для ўсіх нас свяшчэнны. За іх кроў бацькоў праліта. Праз гарніла мук здабыта Наша доля, воля. Колас.

бацько́ўскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з бацькоў. Бацькоўскі камітэт. Бацькоўскі сход. // Які зыходзіць ад бацькоў. Бацькоўская воля, ласка. Бацькоўскае благаславенне. // Які належыць бацькам. І што б я быў для чалавецтва, Калі б не гэтая дарога, Якая ў свет шырокі ўецца Адсюль — з бацькоўскага парога. Лойка. // Які звязаны з бацькамі, бацькоўствам. Дагледзець бацькоўскую старасць.

2. перан. Клапатлівы, дбайны, ласкавы ў адносінах да каго‑н. Бацькоўскімі клопатамі акружаюць савецкіх дзяцей наша партыя і ўрад. □ Незнаёмы паглядзеў на мяне цёплымі, бацькоўскімі вачамі. Бядуля.

бацько́ўства, ‑а, н.

1. Кроўная роднасць паміж бацькам і яго дзіцем. Устанаўленне бацькоўства.

2. Уласцівыя бацьку пачуцці і адносіны да сваіх дзяцей.

ба́цюхна, ‑ы, м.

1. Разм. Ужываецца звычайна пры звароце з пашанай да каго‑н.

2. Ласкава-фамільярны зварот да каго‑н. Ленін горача запярэчыў Пятроўскаму: — Вы забываецеся, бацюхна, што мы ўжо Савецкая дзяржава. Мяжэвіч.

•••

Бацюхны (мае)! (у знач. выкл.) — выражае здзіўленне, спалох. [Салдат:] — Сынок! Мой сынок! Як жа так?.. Няўжо не пазнаеш? А вырас — бацюхны!.. Сапраўдны мужчына. Гамолка.

ба́цюшка, ‑і, м.

Разм. Поп. Высокі бацюшка ў блішчастай расе, з вялікім крыжам на грудзях і рыжай, шырокай, як плаха, барадою трымаў за руку свайго сынка. Хведаровіч.

ба́ця, ‑і, м.

Разм.

1. Бацька. — Ведаю, баця, вайсковую службу, — усміхаючыся, адказаў Іван, — варон страляць не буду. Колас.

2. Фам. Бацюшка, поп. У папа ды быў сабака, Поп яго любіў. Ён не краў у баці сала, — Поп яго не біў. Крапіва.

баця́н, ‑а, м.

Тое, што і бусел. І толькі рабыя бацяны ўлетку садзіліся на імху і блукалі па ім ды дзюбамі пілі з крыніц ваду, якой так хацелася людзям. Галавач. Твае лугі, твае балоты Вартуе ўлетку госць — бацян. Гурло.

бач, ф. заг. ладу ад дзеясл. бачыць.

Разм.

1. Ужываецца, каб звярнуць чыю‑н. увагу на што‑н. — Бач, якімі волатамі ўзнімаецца новае пакаленне! — усклікнуў мой таварыш, і ў яго голасе чуліся гонар і замілаванне. Гарбук. Бач, газетчыкі разносяць Свежыя газеты. А. Александровіч. // у знач. выкл. Выкарыстоўваецца пры выражэнні абурэння, незадавальнення чым‑н., здзіўлення (звычайна ў спалучэнні з словам «ты»). [Гукан Шыковічу:] «Бач, раскрычаўся! Пісьмы яго прымушалі пісаць!.. Перапрацаваўся!..» Шамякін. — Бач ты яго, Алёшку, як прыбраўся... — шапталіся жанчыны, седзячы на лаўках. Дайліда.

2. у знач. пабочн. Бачыш; як бачыш. Я яго, бач, сам сустрэў.