Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бахча́, ‑ы, ж.

Поле, на якім вырошчваюць кавуны, гарбузы, дыні. Сямёну Захаравічу ўспомнілася, як аднойчы ўпоцемку трапілі палкавыя машыны на бахчу: лопаліся кавуны, раўлі маторы, прабуксоўвалі колы... М. Стральцоў.

бахчаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Спецыяліст па бахчаводству.

бахчаво́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да бахчаводства. Бахчаводная гаспадарка.

бахчаво́дства, ‑а, н.

Вырошчванне бахчавых культур як асобная галіна сельскай гаспадаркі.

бахчавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да бахчы. Бахчавыя культуры.

бац 1, выкл.

Разм.

1. Ужываецца для перадачы рэзкага адрывістага гуку. Тут адзін з рыбакоў размахнуўся і — бац! — абухом па лёдзе. Ігнаценка.

2. у знач. вык. Ужываецца для перадачы раптоўнасці, нечаканасці дзеяння. [Клест:] — І пацяклі на рахунак тысячы. А я тут бац, памесячнае авансаванне ўвёў, па тры рублі на працадзень. Шашкоў. [Зося:] — Толькі, ведаеш, мы скончылі абедаць і яшчэ я не паспела вылезці з-за стала, як бац — хто ж ты думаеш? — Васіль у хату. Гартны.

бац 2, баца, м.

Абл. Пацук. Збудаваў я палац, Многа фабрык, мастоў. Сам жа голы, як бац, — Пары дзве рызманоў. Колас.

бацві́нне, ‑я, н., зб.

1. Лісце і сцёблы буракоў. Падышоўшы бліжэй,.. [Варанецкі] пазнаў Веру Добку і жанчын з яе звяна, якія пры святле «лятучых мышэй» ачышчалі буракі ад бацвіння. Дуброўскі.

2. Страва, звараная з бурачных сцяблоў і лісця. Мар’яна з Янінаю прыносяць вячэру і ставяць на стол глыбокую гліняную поўную бацвіння міску. Мурашка. [Жанчыны:] — Пятру свайму бацвіння наварыць, а бурачок — на рынак. Пальчэўскі.

бацвіннеўбо́рачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ўборкі бацвіння. Бацвіннеўборачная машына.

ба́цечка, ‑і, м.

Ласк. да бацька (у 1 знач.). // Фамільярны зварот да субяседніка. — Разумею, разумею вас, бацечка мой. Час і, так сказаць, творчае натхненне, — і Іван Антонавіч не да месца падміргнуў з-за акуляраў. Даніленка. / у іран. ужыв. — Можа, проста хварэе [Сашка] нездаровай цікавасцю, як і бацечка. І той жа Марцінок усюды хоча свой нос утачыць, — дадаў Максім. Машара.

баці́нкі, ‑нак; адз. бацінак, ‑нка, м.

Тое, што і чаравікі. Ірваныя бацінкі на босую нагу больш за ўсё іншае гаварылі, што ён з далёкай дарогі... Брыль. Косцік за вясну збіў бацінкі, а Валі туфлі цесныя зрабіліся. Васілевіч.