Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фармулёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы; Р мн. ‑лёвак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. фармуляваць.

2. Сфармуляваная думка; формула. Гадзіны з тры я падганяў слова да слова, сказ да сказа, шукаў выразных фармулёвак, апісваў падзеі і факты так, што яны набывалі выразнае грамадска-палітычнае гучанне. Сабаленка.

фармуліро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Тое, што і фармулёўка (у 2 знач.). Спрачаліся па асобных фармуліроўках, рабілі экскурсы ў працы розных вучоных. Лынькоў.

фармулява́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. фармуляваць.

фармулява́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад фармуляваць.

фармулява́цца, ‑люецца; незак.

1. Атрымліваць кароткае дакладнае слоўнае вызначэнне. У галаве.. [аўтараў] фармулююцца сказы ў рускай мове і тут жа, пішучы, яны перакладаюць іх на беларускую мову. Чорны.

фармулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; незак., што.

Дакладна выказваць што‑н. (думкі, рашэнні і пад.). Фармуляваць вынікі назіранняў.

фармуля́р, ‑а, м.

1. У дарэвалюцыйнай Расіі — паслужны спіс, куды заносіліся звесткі аб праходжанні службы чыноўнікам.

2. Спец. Асобная кніга або бланк, куды адносяцца асноўныя звесткі аб стане, эксплуатацыі, рамонце і пад. якога‑н. механізма, збудавання. Фармуляр машыны.

3. Бібліятэчная картка, у якой адзначаюцца звесткі аб кнізе і аб карыстанні ёю чытачом.

[Ням. Formular ад лац. formula — форма.]

фармуля́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фармуляра. Фармулярныя звесткі. Фармулярны спіс.

фарпо́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Перадавая ўмацаваная пазіцыя; умацаваны пост на граніцы. Ён [пагранічнік] пастаўлен на фарпосце, А за ім уся краса: хвоі ў шуме, кветкі ў росце І раса на каласах. Лужанін. // перан. Перадавы пункт, апора, пачатак чаго‑н. Мікола Хведаровіч прыйшоў у беларускую літаратуру ў самым пачатку 20‑х гадоў, калі наша краіна набліжалася да гістарычнага рубяжа свайго росквіту — першай пяцігодкі — і падрыхтавала трывалую эканамічную глебу для індустрыяльна-калгаснай магутнасці СССР — першага ў свеце фарпоста сацыялізма. Майхровіч.

[Ням. Vorposten.]

фарпо́ставы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фарпоста. Фарпоставая служба.