Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

метлюжо́к, ‑жку, м.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства злакавых.

мето́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Уст. Тое, што і метад (у 2 знач.).

[Грэч. methodos.]

мето́дыка, ‑і, ДМ ‑дыцы, ж.

1. Сукупнасць метадаў практычнага выканання чаго‑н. Методыка навуковага даследавання. Методыка палітычнай работы ў масах.

2. Вучэнне аб метадах выкладання той ці іншай навукі. З усіх дысцыплін студэнты найлепш ведалі методыку мовы, бо навучыліся любіць самую мову, чуючы жывыя ўзоры яе з вуснаў [Я. Коласа]. Лужанін. // Падручнік, у якім выкладаецца гэта вучэнне. Усе тыя спосабы, якія так гладка і проста апісаны ў методыках, часта зусім не падыходзілі і не адпавядалі ўмовам школы. Колас.

мето́л, ‑у, м.

Спец. Крышталічнае рэчыва, якое выкарыстоўваецца ў фатаграфіі як праявіцель.

[Фр. métol.]

метр 1, ‑а, м.

1. Адзінка даўжыні ў метрычнай сістэме мер, роўная ста сантыметрам. Гэта была прасторная чатырохкантовая яма даўжынёю ў восем метраў і на чатыры метры шырыні. Колас.

2. Лінейка такой жа даўжыні з нанесенымі на ёй дзяленнямі на сантыметры. У майго бацькі ніколі не было на плячах стрэльбы. Але затое ў кішэні, у пінжаку, ляжаў складны блішчасты метр. Сачанка.

3. Паверхня чаго‑н., колькасць якога‑н. матэрыялу, роўная гэтай меры (квадраты, пагонны, кубічны метр). Метр жылой плошчы. Метр дроў.

[Ад грэч. metron — мера.]

метр 2, ‑а, м.

1. У вершаскладанні — намер верша, стапа.

2. У музыцы — раўнамернасць чаргавання моцных і слабых долей у такце.

[Ад грэч. metron — мера.]

Метрабу́д, ‑а, М ‑дзе, м. (з вялікай літары).

Арганізацыя, якая займаецца будаўніцтвам метрапалітэна.

метрабу́давец, ‑даўца, м.

Будаўнік метрапалітэна.

метрабу́даўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Метрабуда.

метра́ж, ‑у, м.

1. Даўжыня, велічыня чаго‑н., выражаная ў метрах.

2. Плошча якога‑н. памяшкання ў квадратных метрах. Метраж кватэры.

[Фр. metrage.]

метралагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да метралогіі, звязаны з метралогіяй.