Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

медыя́на, ‑ы, ж.

1. У геаметрыі — прамая лінія, якая злучае вяршыню вугла трохвугольніка з сярэдзінай процілеглай стараны.

2. У статыстыцы — велічыня, што знаходзіцца ўсярэдзіне рада велічынь, размешчаных па ўзрастаючай або сыходнай лініі.

[Ад лац. mediana — сярэдняя.]

медыя́тар 1, ‑а, м.

Спец. Тонкая пласцінка (касцяная, цэлулоідная і г. д.) з завостраным канцом, якой іграюць на некаторых струнных музычных інструментах. Каля веснічак .. [Хвядзько] спыняўся, кратаў медыятарам струны і прыслухоўваўся. Лобан.

[Ад лац. mediator — пасрэднік.]

медыя́тар 2, ‑а, м.

Спец.

1. Пасрэднік (звычайна ў дыпламатычных адносінах, гандлёвых пагадненнях).

2. Рэчыва, якое перадае нервовы імпульс з нервовых клетак да рабочых органаў жывёльнага арганізма.

[Ад лац. mediator — пасрэднік.]

медыя́цыя, ‑і, ж.

Спец. Міжнароднае пасрэдніцтва, мірны спосаб вырашэння міжнародных спрэчак пры дапамозе савета і садзейнічання дзяржавы, якая не ўдзельнічае ў спрэчцы.

[Лац. mediatio — пасрэдніцтва.]

медэля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Сабака медэлянскай пароды.

медэля́нскі, ‑ая, ‑ае.

У выразах: медэлянскія сабакі або медэлянская парода сабак — парода буйных паляўнічых сабак, якія паходзяць з паўночнай Італіі і выкарыстоўваюцца для палявання на мядзведзяў.

[Ад геагр. назвы.]

межава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для межавання.

межава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. межаваць і межавацца.

межава́цца, мяжуюся, мяжуешся, мяжуецца; незак.

1. з чым і без дап. Мець агульную мяжу, быць сумежным. Мяжуюцца сенажаці суседзяў. Сталовы пакой мяжуецца з кухняй. □ Жыта межавалася з бульбаю, ячмень з грэчкаю і пры аўсе ліпела палоска льну. Чорны. // перан.; з чым. Быць блізкім да чаго‑н. Даверлівасць .. да знаёмых і таварышаў межавалася з дзіцячай непасрэднасцю і наіўнасцю. Хведаровіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), з чым. Перамяжоўвацца, чаргавацца. Любіць [янот] вялікія пералескі, якія мяжуюцца з паплавамі. В. Вольскі. [Слабодкі] забудоўваюцца без плана.. Даўжэзныя баракі мяжуюцца з наспех збітымі хацінамі і зямлянкамі. Жычка.

3. Зал. да межаваць (у 2 знач.).

межава́ць, мяжую, мяжуеш, мяжуе; незак.

1. Разм. Тое, што і межавацца (у 1, 2 знач.). Той куток Беларусі, дзе я нарадзіўся, межаваў некалі па Дзвіне з Заходняй Беларуссю, якая ў той час была акупіравана Панскай Польшчай. Хадкевіч. Для чалавека любой эпохі падарожжа ў космас будзе рамантыкай, якая мяжуе з летуценнем. Шыцік. Мяжуе гора з добрай радасцю... Панчанка.

2. што. Вызначаць межы ўчасткаў пры падзеле зямлі.

межаві́к, ‑а, м.

Разм. Спецыяліст па межаванню; землямер.