лу́сканне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. лускаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
лускападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Падобны па луску, у выглядзе лускі (у 1 знач.). Лускападобнае лісце.
лу́скат, ‑у, М ‑каце, м.
Разм. Трэск, лусканне. З глыбіні лесу пачуўся .. прыглушаны лускат сухіх галінак пад нагамі. Колас.
лу́скацца, ‑аецца; незак.
1. Зал. да лускаць (у 1 знач.).
2. Трэскацца, лопацца, распаўсюджваючы сухі кароткі гук. Стылі .. на с[цю]жы старыя сосны-каржакі, лускалася ад марозу кара на маладым сасонніку. Пташнікаў.
лу́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што. Раскусваць, разгрызаць, есці з трэскам, хрустам (гарбузікі, сланечнік і пад.). Дзяўчаты лускаюць сланечнік, шэпчуцца, перамаўляюцца, як заўсёды. Лупсякоў.
2. Распаўсюджваць кароткі, сухі гук пры ламанні, лопанні чаго‑н. сухога; патрэскваць. Лускае запалка, ломіцца ў пальцах, але ўспыхвае і гарыць. Пташнікаў. Трымаючыся за голле, Язэп сяк-так дабраўся да ручая. Пайшоў па лузе, які зрэдку лускаў пад ботамі. Асіпенка. / Пра зімовае надвор’е. Мароз бярэцца, націскае, Па лесе лускае, гуляе. Колас.
лу́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Аднакр. да лускаць (у 1 знач.). Вахроў скрыгануў зубамі, нібы луснуў арэх, і пайшоў. Алешка.
2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Разм. Трэснуць, лопнуць. Бутэлька луснула. □ І слівы сыта луснулі ў баках, Аб’еўшыся і сонцам, і зямлёю. Караткевіч.
лу́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.
Адрэзаны вялікі плоскі кавалак (хлеба, сала і г. д.). Маці памагала маслам лусту хлеба і падала сыну. Пальчэўскі. Гаспадыня злазіла ў кубел, адрэзала лусту сала і кавалак каўбасы, выцягнула агурок і ўсё гэта падала Раі. Новікаў.
•••
Адрэзаная луста — тое, што і адрэзаная скіба (гл. скіба).
лусь, у знач. выкл.
Разм. Ужываецца паводле значэння дзеясл. лускаць, луснуць.
лухта́, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.
Разм. Бязглуздзіца, бяссэнсіца, недарэчнасць; глупства. Нельга было не смяяцца, гледзячы на сур’ёзную Сымонаву міну, з якою выдаваў ён лухту за праўду. Колас.
•••
Вярзці (малоць, плесці) лухту гл. вярзці.