бурлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Бурны, шумлівы. Васіль бачыў рэкі там, каля свайго дому, але ж такой шырокай не наглядаў нават у самае бурлівае разводдзе. Кулакоўскі. Дэльфіны дагналі яхту і пачалі забаўляцца ў бурлівых хвалях за кармой, перакочваючыся са спіны на жывот. Дуброўскі.
2. перан. Разм. Поўны энергіі, шумны, неспакойны. [Лена] ўспамінала бурлівае камсамольскае жыццё ў школе. Лынькоў. Паходня сышоў на перон і адразу ж трапіў у бурлівы паток, які імкнуў паўз нейкія абломкі сцен і часовыя збудаванні. Хадкевіч.
бурлі́цца, ‑ліцца; незак.
Тое, што і бурліць. На рэчках на вашых Бурліліся б воды, Каб плавалі з крыкам Гусей карагоды. Русак. У добрых ленінскіх вачах Іскрынкай радасць усплывала; Відаць, што ў сэрцы Ільіча Надзей бурлілася навала. Шушкевіч.
бурлі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.
1. Бурна цячы, пералівацца з шумам; кіпець, клекатаць (пра ваду і інш. вадкасці). Унізе вада бурліць, пеніцца, нясе з сабою кускі лёду, нейкае ламачча, леташнюю траву. Кулакоўскі. Бурліць чыгун гарачы, Расплаўлены ў вагранках. Аўрамчык.
2. перан. Праяўляцца з вялікай сілай (пра падзеі, пачуцці і пад.); шумець, хвалявацца. [Ігнась] сеў на месца, і злосць бурліла ў ім, як кіпень. Чарнышэвіч. І бурліла ў людскіх пачуццях жаданне як бы крыкнуць усёй зямлі, сказаць усяму, што ёсць, — аб радасці дзён, аб песнях і звонах жыцця. Чорны. Скрозь бурліла людское мора, а ў ім — кветкі, лісце, усцешаныя твары. Юрэвіч.
бурмі́стр, ‑а, м.
За прыгонам — кіраўнік памешчыцкага маёнтка або стараста, прызначаны памешчыкам з сялян.
[Ад ням. Bürgermeister — бургамістр.]
бурно́с, ‑а, м.
Уст. Даўгаполая з шырокімі рукавамі сялянская вопратка з саматканага сукна. Цётка Хіма аддала Галі яшчэ свой дзявочы бурнос. Сабаленка. Фельчар стаў апранацца ў доўгі карычневага сукна свойскай работы бурнос з башлыком. Пестрак.
бу́рны, ‑ая, ‑ае.
1. З бурамі; навальнічны. Расшумеліся цымбалы, Быццам Нарач бурным днём. Танк. З поўначы — холаду, сіверу бурнага Гусі на поўдзень ляцяць. Колас.
2. Які бушуе, бурліць. [Сярго:] На Каўказе ў нас, Там рэкі бурныя. Грымяць і выюць, Укрытыя пушыстай белай пенай, Аж рэха скрозь ідзе... Глебка. // Багаты падзеямі, неспакойны, хвалюючы. Пачалося ўсё ў той бурны трыццаты год, калі ў Навасёлках загаварылі аб калгасе. Шчарбатаў. // Які вельмі моцна праяўляецца, палкі, гарачы. Тапурыя чамусьці не падзяляў бурнай радасці Іліко. Самуйлёнак. Бурная была тая размова бацькі з сынам. Жычка.
3. Які імкліва праходзіць або развіваецца. Бурныя тэмпы развіцця прамысловасць □ Нарэшце і да нас на Чукотку прыйшла кароткая бурная вясна, а за ёй адразу ж і лета. Бяганская.
бу́рса, ‑ы, ж.
Інтэрнат для навучэнцаў духоўных навучальных устаноў у 18 ст. і першай палове 19 ст., а таксама гэтыя навучальныя ўстановы (духоўнае вучылішча, семінарыя).
[Польск. bursa.]
бурса́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бурсака. Бурсацкае жыццё.
бу́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бураў, які належыць, уласцівы ім.