Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

батра́к, ‑а, м.

Сельскагаспадарчы рабочы, якога памешчык або кулак наймаў для працы ў сваёй гаспадарцы; парабак. Абеззямеленае сялянства вымушана было ісці да памешчыка і кулака ў батракі або шукаць работу на старане. «Прырода Беларусі». Дзед мой быў вечны парабак-батрак, бацька таксама, і я парабкаваў ды батрачыў. Янкоўскі.

батра́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які належыць батраку, уласцівы батраку; складаецца з батракоў. Батрацкі хлеб быў дужа горкі. Ты ўспамінаеш са слязой, Як жала, ткала, на вячоркі Хадзіла ў дом чужы зімой. Ляпёшкін. Слоў у песні нямнога, ды словы — простыя і горкія, як батрацкая доля. Брыль. [Селянін:] — А Сёмку-матроса, які быў у батрацкім камітэце, выдаў пан немцам. Лынькоў.

батра́цтва, ‑а. н.

1. Становішча батрака; занятак батрака. Максім Шахневіч з пятнаццаці гадоў служыў у батраках і толькі за год да ваеннай службы кінуў сваё батрацтва. Колас.

2. зб. Батракі як сельскі пралетарыят.

батра́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да батрак.

батра́чы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і батрацкі. Не дарэмна кажуць: «Батрачы хлеб — сабачы». Якімовіч.

батра́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

Працаваць батраком, жыць батрацкім жыццём. — А бог? — Мана і бог. Чаму ён нам з табою, Скажы, не дапамог? Чаму, калі батрачыў, Ён мне не даў зямлі? Куляшоў.

батулі́зм, ‑у, м.

Спец. Атручэнне, выкліканае харчовай інфекцыяй.

[Ад лац. botulus — каўбаса.]

бату́т, ‑а, М ‑туце, м.

Спартыўны снарад у выглядзе стойкі з капронавай або металічнай сеткай.

батуты́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Спартсмен, які займаецца скачкамі на батуце.

батфо́рты, ‑аў; адз. батфорт, ‑а, М ‑рце, м.

Уст. Боты з высокімі халявамі з раструбамі ўверсе.

[Фр. bottes fortes.]