басто́навы, ‑ая, ‑ае.
Пашыты з бастону (у 1 знач.). У сінім бастонавым гарнітуры, пры яркім шырока завязаным гальштуку, з светлым фетравым капелюшом у руцэ,.. [Варушка] выглядаў франтавата і па-святочнаму. Карпаў.
бастр, ‑у, м.
Жоўты цукровы пясок нізкай якасці, які атрымліваецца пры пераварцы бурачнай патакі.
басту́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад баставаць.
2. у знач. наз. басту́ючы, ‑ага, м. Удзельнік забастоўкі. Збор сродкаў у фонд бастуючых.
3. Дзеепрысл. незак. ад баставаць.
бастыён, ‑а, м.
Даўняе ўмацаванне ў выглядзе пяцівугольніка, якое будавалася па вуглах агароджы крэпасці. Пакланюся бастыёнам Брэсцкай крэпасці суровай, Гераічныя імёны Ўспомню светлым, шчырым словам. Панчанка. / у перан. ужыв. Савецкі Саюз — бастыён міру. □ Даўно на мірным фронце ты і ён, І я таксама на сваім заданні: Штурмую паэтычны бастыён. Смагаровіч.
[Фр. bastion.]
бастыённы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бастыёна. Бастыённая сістэма.
басурма́н, ‑а, м.
1. Уст. Пра чалавека іншай веры, пра іншаземца. [Поп:] — Ах, басурман! Ах, паразіт скажэнны! Як ты асмеліўся так спаганіць сан Свяшчэнны? Валасевіч.
2. Лаянк. Пра несумленнага чалавека. — Не хочуць, басурманы, памагчы, — сказаў.. [Мялешка] з лёгкай усмешкай, якая, відаць, была знакам ветлівасці да Судакова. Радкевіч.
басурма́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да басурман.
басурма́нскі, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да басурмана. Басурманская вера.
басці́, бадзе; незак., каго-што чым.
Тое, што і бадаць.
басці́ся, бадзецца; незак.
Тое, што і бадацца.