спрэ́жаны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад спрэгчы 1.
спрэ́жаны 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад спрэгчы 2.
спрэс, прысл.
Поўнасцю, цалкам; зусім. Аднекуль навалакліся хмары — спрэс зацягнулі неба. Сабаленка. За ноч наваліла столькі снегу, што нідзе не было ні сцежкі, ні дарогі, спрэс цалік. Чарнышэвіч. [Колас:] — Я думаю пра Аляксандра Грына. Яго летуценнікі.. — гэта ўжо нешта спрэс новае. Лужанін. // Скрозь, усюды; цалкам. Карані спрэс павыпіналіся з зямлі цэлымі вузламі. Сачанка. Рудымі жалудамі была засыпана спрэс уся зямля. Чорны.
спрэ́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Спаборніцтва на словах, абмеркаванне чаго‑н. дзвюма або некалькімі асобамі, у часе якога кожная з іх адстойвае сваю пазіцыю. За ўвесь сённяшні дзень гэта было адно пытанне [аб начлезе], па якім не адбылося спрэчак паміж таварышамі. Маўр. Зіна пайшла да сваіх, пакінуўшы радыстаў з іх даўняй спрэчкай: як будуць жыць пасля вайны людзі. Ваданосаў. // Барацьба думак па розных пытаннях навукі, літаратуры і пад.; палеміка (звычайна ў друку). Ужо даўно ідуць спрэчкі наконт таго, ці можна нарыс падзеляць на мастацкі і немастацкі. «ЛіМ». // Разм. Сварка, рознагалоссі. У Косцікавым двары такая пачалася гарачая гаворка, што кончылася яна слязьмі і спрэчкаю. Чорны. Яны [вада, агонь і вецер] уступілі трое ў спрэчку між сабою, крычаць, шумяць, трасуцца ды за чубы бяруцца. Дзеружынскі.
2. Аспрэчванне правоў на валоданне чым‑н. Спрэчкі аб маёмасных правах. □ Сонца звярнула з поўдня, пакуль разабраў старшыня іх [Кузьмы і Петрака] спрэчку і вызначыў ім мяжу. Нікановіч.
3. перан. Барацьба, змаганне з чым‑н.; супраціўленне чаму‑н. У прыказках і прымаўках знайшла адлюстраванне спрэчка, якую вёў чалавек працы з непрымальнымі для яго поглядамі. Шкраба. Гэта была вострая спрэчка паміж старым і новым старшынёю. Гурскі.
4. Публічнае абмеркаванне якіх‑н. пытанняў. Ні першага даклада, ні спрэчак, якія разгарнуліся пасля яго, прафесар амаль не чуў. Галавач. [Старшыня сходу:] — Ужо другая гадзіна ночы, а яшчэ не выступіла і палавіна таварышаў, якія запісаліся для спрэчак. Паслядовіч.
спрэ́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць спрэчнага. Спрэчнасць сцверджанняў.
спрэ́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае спрэчку, можа быць прадметам спрэчкі (у 1 знач.). Спрэчныя пытанні. □ Кніга С. Русака, .. нягледзячы на спрэчныя мясціны, дае даволі поўнае ўяўленне пра творчасць А. Кулакоўскага. «Полымя».
2. Які з’яўляецца прадметам спрэчкі (у 2 знач.). Хто хутчэй засяваў свой участак — за тым і заставаліся гэтыя спрэчныя дзве баразны. Нікановіч.
спуд 1, ‑у, М ‑дзе, м.
Спалох. Ад спуду, ўроку, ад зрушэння Мне памагаў часінай той Не мудрагелістых жэньшэняў, А беларускіх траў настой... Ляпёшкін. — Рыгор, сынок мой, з кім жа я застануся? — схамянулася як ад спуду Стэпа. Гартны. Ледзь закінеш толькі вуду — не зявай браток: на вадзе, нібы са спуду, дрогне паплавок. Вялюгін.
спуд 2, ‑у, М ‑дзе, м.
Толькі ў выразах: пад спудам — а) у схове, у патаемным месцы. Недзе ж пляснее ў скрынях пад спудам Хараство — ўзоры слуцкай зямлі. Калачынскі; б) перан. пад цяжарам, прыгнётам чаго‑н. Пад спудам царкоўнага засілля; з-пад спуду — а) з патаемнага месца; б) перан. з забыцця. З-пад спуду вырваўшыся, следам Выходзіць праўда на прастор. Аўрамчык.
спу́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад спудзіць.
2. у знач. прым. Перапалоханы, ахоплены спалохам. Трашчыць у лесе сухое галлё ад спуджаных коней. Каваль. // Які выражае спалох. [Дэлегаты] пачулі спачатку нечыя спуджаныя галасы. Лынькоў.
спу́джвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да спуджваць.
спу́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спудзіць.
спу́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
Адчуць спалох; напужацца, спужацца. Спудзіўся конь, скочыў убок і стаў на цвёрдае — не праваліўся. Пташнікаў. Перад судом [прадстаўнікі адміністрацыі] стаялі насцярожана. Сёй-той і добра спудзіўся. Шынклер.