Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фармацэўты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фармацэўтыкі, фармацэўта. Для фармацэўтычных прадпрыемстваў нарыхтавана амаль сто тон каштоўных відаў лекавых раслін. «Звязда». // Лекавы. Фармацэўтычныя вырабы.

фармірава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. фарміраваць і фарміравацца.

2. Сфарміраванае вайсковае злучэнне, часць. Вайсковае фарміраванне.

фармірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.

1. Складвацца, набываць пэўную форму, выгляд у выніку развіцця, росту. Сучасная паверхня Беларусі фарміравалася на працягу вялікага прамежку часу. // Развівацца фізічна. // перан. Набываць закончанасць, сталасць у выніку развіцця, змен. У падарожжах фарміруецца і мацнее характар. В. Вольскі. Ігнась з рамана «Сын», таксама як і Рыгор з «Сокаў цаліны», паслядоўна фарміруецца ў рэвалюцыйнага барацьбіта. Перкін.

2. Складвацца, стварацца, арганізоўвацца (пра калектыў, групу, орган і пад.). [Сакольны:] — Усім вам, таварышы, вядома, што гэтая група фарміруецца не па загаду, а добраахвотна. Кулакоўскі. // Стварацца шляхам камплектавання людзьмі, матэрыяльнай часткай (пра вайсковую часць). [Алёкса:] — Наша дывізія фарміравалася ў Валагодскай губерні, ваявала супраць англічан і амерыканцам. Машара.

3. Складацца з вагонаў, суднаў шляхам размяшчэння іх у пэўным парадку. — Браткі! — падышоў з цяжкай ношай Станіслаў. — Дзе фарміруецца поезд на Познань? Гурскі.

4. Зал. да фарміраваць.

фармірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

1. Выпрацоўваць у каго‑н. адпаведныя рысы характару, светапогляд і пад. Фарміраваць характар. □ Час фарміруе людзей, але, хочаш ці не хочаш, людзі адказваюць за час. Карпаў. Не прафесія, якая б рамантычная яна ні была, фарміруе паэтычны талент. «Полымя».

2. Арганізоўваць, ствараць (калектыў, установу і пад.). Фарміраваць у рад. Фарміраваць кабінет. // Арганізоўваць вайсковае падраздзяленне, камплектуючы людзьмі і матэрыяльнай часткай. У кашарах узнік адпраўны пункт. Тут выдавалі зброю, фарміравалі атрады, прызначаліся камандзіры. Мікуліч. [Уладзік Каржакевіч:] — Паны конніцу фарміруюць, добра плацяць. Крапіва.

3. Састаўляць (поезд), счэпліваючы ў адпаведным парадку вагоны. Варта было паглядзець на .. [Віталя] ў тыя хвіліны, калі ён фарміраваў ці расфарміроўваў таварныя саставы, што бесперапынна прыбывалі на вузел. Васілёнак.

фарміро́вачны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для фарміроўкі. Фарміровачны пункт.

фарміро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. фарміраваць і фарміравацца.

фармо́вачны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для фармоўкі, звязаны з фармоўкай. Фармовачны прэс. □ [Багданоўскі:] — Трэба пусціць.. канвеер, зрабіць механізаваную землечарпалку, паваротныя фармовачныя машыны. «Беларусь». Ланге трапіў на завод з паўднёвага боку. Праз разбураны бомбамі фармовачны цэх выйшаў на вузкі дворык. Асіпенка.

2. Які выкарыстоўваецца пры фармоўцы, адліўцы вырабаў у формах і пад. Фармовачныя сумесі. □ Каля машын і на пралёце валяліся .. пліты, апокі, скрынкі з-пад стрыжняў, чарнелі кучы фармовачнай зямлі. Карпаў.

фармо́ўка, ‑і, ДМ ‑моўцы; Р мн. ‑мовак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. фармаваць.

2. Тое, што і форма (у 6 знач.). Хлебная фармоўка.

фармо́ўшчык, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па фармоўцы.

фармо́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да фармоўшчык.